Дапамагчы вяскоўцу – гэта “Наш Клопат”!

Малако — гэта тая прадукцыя сельскай гаспадаркі, якая круглы год дае стабільны прыбытак і знаходзіць рынкі збыту не толькі ў краіне, але  ў блізкім і далёкім замежжы. Не выпадкова Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь паставіў перад жывёлагадоўчай галіной задачу: да 2015 года выйсці на вытворчасць малака ў 10,7  мільёна тон. А каб мець такую колькасць высакаякаснай прадукцыі, дзяржава ўкладвае ў галіну вялікія грашовыя сродкі. Не выключэнне і наш раён. Сучасны малочнатаварны комплекс у Масорах  дзяржаўнага прадпрыемства «Саўгас імя Машэрава»  каштаваў 12 мільярдаў рублёў. Той,  што ўзводзіцца ў вёсцы Забараўе ААТ «Бяленева» (на здымку),  абыдзецца ў 26 мільярдаў рублёў. І ўсе гэтыя затраты трэба яшчэ акупіць. А тут прыватнік жадае прадаць лішкі малака, якія можна забраць і перапрацаваць з  без каласальных укладанняў у будаўніцтва комплексаў   і аснашчэнне іх высокатэхналагічным абсталяваннем.

  Аб гэтым важным рэзерве павелічэння прадуктаў харчавання  вядзе размову  В.М. Бараноўскі, старшыня Студзёнкаўскага сельскага Савета дэпутатаў,  на тэрыторыі якога ўжо звыш сямі гадоў  закупам  малака ў насельніцтва займаецца камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Наш клопат».

— КУП «Наш клопат», — кажа Васіль Мікалаевіч, —  мае статус арганізацыі са сваім банкаўскім рахункам, якая не толькі закупляе малако з прыватных  падворкаў, але і аказвае шэраг паслуг па  апрацоўцы прысядзібных участкаў, уборцы ўраджаю,  нарыхтоўцы кармоў і г.д.

 Сёння ў арганізацыі працуе 18 чалавек, у наяўнасці тры трактары МТЗ, неабходны прычапны інвентар, камбайн, свая рамонтная майстэрня (былая кацельня СВК «Студзёнка», чатыры машыны тыпу «Мерседэс», на якіх збіраецца малако і адпраўляецца на перапрацоўчае прадпрыемства. Штодня летняй парой закупляем 5-6 тон малака. З малаказдатчыкамі заключаны двухбаковыя  дагаворы, дзе агавораны правы і абавязкі, адказнасць бакоў. Сёння малако рэалізуюць больш 400 чалавек, летась іх было 550. Толькі за год на  падворках, што абслугоўваў  КУП «Наш клопат», колькасць кароў зменшылася на 96 галоў. Таму кіраўніцтва прадпрыемства шукае іншыя тэрыторыі і людзей, якія жадаюць  рэалізоўваць прадукцыю. Прадпрыемства  абслугоўвае   жыхароў Багданаўскага, Нямойтаўскага, Ходцаўскага, Студзёнкаўскага і частку  Машканскага сельсаветаў.

 Нямала нюансаў узнікае пры вызначэнні тлустасці малака, якая можа хістацца ў той ці іншы бок нават пры змене надвор’я. На любыя заўвагі малаказдатчыкаў кіраўніцтва ўнітарнага прадпрыемства адразу ж рэагуе. Для гэтага ёсць  неабходныя прыборы: чатыры лактаны, два аналізатары малака на антыбіётыкі.

  Скажам, паступіла скарга ад грамадзянкі П. Бухгалтар КУП садзіцца ў машыну, папярэдне ўзброіўшыся лактанам, і едзе да гаспадыні, дзе ў яе прысутнасці пад­ключае  прыбор і вызначае тлустасць малака.

 Аднак да канца пакуль не вырашана пытанне па антыбіётыках. І хаця мы выяўляем тых людзей, па віне якіх вернута ўся партыя малака, эфектыўна паўплываць на вінаватага не можам. Няма заканадаўчай базы, якая  давала б магчымасць у прававым парадку пакрываць затраты прадпрыемства і людзей, пацярпелых ад дзеянняў не вельмі добрасумленнага чалавека.

 Сёння імкнёмся таксама не закупляць малако ў цыстэрну (1200 кг), а выкарыстоўваем бітоны (40 кг). Уяўляеце розніцу вернутага малака пры выяўленні антыбіётыкаў? Для гэтага штогод трацім 5-7 мільёнаў рублёў на набыццё экспертызнай паласы. Мне здаецца, гэтыя затраты павінен несці перапрацоўшчык.

  Што тычыцца праблем развіцця падсобных гаспадарак грамадзян, то тут таксама не адназначны падыход. Знаходзячыся на курсах павышэння кваліфікацыі пры Акадэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, даволі актыўна даводзілася дыскусіраваць па гэтай праблеме з калегамі з іншых абласцей. Нават у тых раёнах і абласцях, дзе людзі забяспечваюцца кармамі з разліку тры тоны гатовага сена на карову,  незалежна ад таго, хто ён: рабочы ААТ, настаўнік, медык, бібліятэкар  — усё роўна,  ёсць натуральны адток, бо вёска старэе. Аднак такі падыход, на маю думку, калі б не спыніў  працэс скарачэння пагалоўя БРЖ на сялянскіх падворках, то значна запаволіў бы яго.

 Зараз самую пільную ўвагу мясцовая і першаснага  ўзроўню ўлада абавязана ўдзяліць людзям, якія  трымаюць 5-10 і больш  кароў. Пытанне забеспячэння гэтага пагалоўя кармамі і пашай рашаецца, але даволі няпроста. Калі мы падтрымаем гэтых энтузіястаў, малако будзе. Дзякуючы ім мы  маем прырост па закупу прадукцыі ў параўнанні з мінулым годам.

  Аналізы малака робім кожны дзень, хаця дагавор прадугледжвае перыядычнасць — раз у дзесяць дзён. Некаторыя здатчыкі пачалі пад­стройвацца пад дагаворны графік: займаліся фальсіфікацыяй, наракаючы на  ня­спраўнасць нашых прыбораў. Але прапанову зрабіць аналіз прама на малаказаводзе ігнаруюць, ведаючы, што  давядзецца толькі чырванець. Да асабліва настырных у гэтым плане  лабаранты прыязджаюць на ўсе тры дойкі. Такі падыход супакойвае эмоцыі, заўсёды скіраваныя на сваю карысць.

 Сярэдняя зарплата па КУП «Наш клопат» у межах 700 тысяч рублёў. Малаказборшчыкі на аўтамабілях зарабляюць 1,5 — 2,0 мільёны рублёў. І людзі гэтыя адказныя, бо ведаюць, што такі заробак цяжка згубіць. Выязджаюць зборшчыкі ў 4-5 гадзін раніцы і рабочы дзень доўжыцца да абеда.

 Для паспяховай работы прадпрыемству  трэба мець значныя  аб’ёмы. У мінулым годзе сабралі і здалі 1700 тон малака. Не менш будзе  і сёлета. Гэта дазваляе весці размову аб расшырэнні прадпрыемства, умацаванні яго матэрыяльна-тэхнічнай базы. А маючы падобнае нашаму прадпрыемства, лягчэй працаваць любому старшыні сельскага Савета дэпутатаў і па добраўпарадкаванні, і навядзенні парадку на зямлі. Для прыкладу, за год на комплексе «Купаваць», на месцы гібелі Героя Савецкага Саюза Канстанціна  Заслонава, асвоена 76 мільёнаў рублёў.

 У сельгасарганізацыі,  асабліва ў перыяды масавых работ,  чалавеку выпісаць трактар ці іншы від тэхнікі праблемна, а ў КУП «Наш клопат», калі ласка. Летась толькі на нарыхтоўцы дроў зарабілі звыш 24 мільёнаў рублёў. І комплекс паслуг імкнемся пашыраць. Капейка да капейкі — рубель, і людзям  добра.

Запісаў Міхаіл БЯЛОЎ.