Кармы, каровы, кадры – дзе збоі?

 3Летне-пашавы сезон утрымання жывёлы ў самым разгары. Лічыцца, што гэта найбольш спрыяльны перыяд для атрымання больш таннай па сабекошце прадукцыі і аздараўлення статка.

 На жаль, сёлетні пашавы сезон пакуль не стаў перыядам вялікага малака. Найбольш значны недабор прадукцыі назіраецца ў ААТ “Бяленева”, “Ульянавічы”, “Літусава”. У гэтыя ліпеньскія дні валавая вытворчасць малака ў ААТ “Літусава”, на жаль, не дасягула паказчыкаў адпаведнага перыяду мінулага года, як і надой на карову. Лідарам з’яўляецца МТФ «Ледневічы». Тут атрымліваюць па 12,5 кг малака ад каровы ў суткі. А вось на МТФ “Пашкова” надойваюць усяго па 6,5 кг малака.

 У такі адказны для жывёлаводаў час важна ўсё: утрыманне жывёлы, наяўнасць вады, солі, неабходных дабавак, своечасовы догляд пашаў, а таксама апрацоўка дойнага статка ад гнусу. Як запэўніла намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі ААТ “Літусава” Ганна Шабан, летне-пашавы перыяд у гаспадарцы праходзіць арганізавана, без збояў. Працэс — на пастаянным кантролі як у загадчыкаў ферм, так і іншых спецыялістаў гаспадаркі.

 Дойны статак ААТ “Літусава” налічвае 650 кароў. Для выпасу жывёлы выдзелена 349 га пашы, у тым ліку шматкампанентнай – 200 га.

 Мы наведалі пашу побач з МТФ “Літусава-1”. Тут знаходзіцца 177 кароў. Статак пасвіцца на абазначаных электраагароджай участках, ён забяспечаны вадой, соллю. Але трава паядаецца далёка не ўся – падкошваць трэба. І якасць травастою на пашы пакідае жадаць лепшага – пераважаюць тут травы лугавыя, дзікарослыя. Між тым, для вытворчага працэсу, павышэння прадукцыйнасці жывёлы вельмі важна мець добрую, збалансаваную пашу. На пытанне, чаму не захоўваецца тэхналогія пашавага ўтрымання статку, намеснік дырэктара адказала, што належнага догляду за пашай не вядзецца з-за недахопу касілак, якія зараз задзейнічаны на корманарыхтоўцы.

 Пастухі Сямён Тычына і Таццяна Грамовіч прыехалі ў гаспадарку падзарабіць са Слуцкага раёна. На працягу апошніх гадоў у ААТ “Літусава” сваіх пастухоў, на жаль, не хапае, а таму кадры шукаюць у іншых абласцях нашай краіны. І сёлетні сезон не выключэнне. У таварыстве прыступілі да работы па адпаведным дагаворы 10 прыезджых пастухоў з Брэсцкай, Мінскай абласцей, Оршы. Для іх выдзелена часовае жыллё.

 – На пашы кругласутачна працуем удваіх без выхадных, — расказвае Таццяна Грамовіч. – Цяжка. Але ж лёгкіх грошай не бывае. Мы прыехалі зарабіць, таму стараемся выконваць свае абавязкі добрасумленна.

 Задаволена работай прыезджых і Ганна Шабан.

-Ва ўсякім разе, пакуль што, прэтэнзій да іх работы мы не мелі.

 Спецыялісты сцвярджаюць, што ў вялікага малака ёсць тры складальнікі: кармы, каровы, кадры. Але калі  выпадае хаця б адзін з іх, то ўся сістэма, нават самая адпрацаваная, дае збой. Гаспадаркі пачынаюць губляць малако, а разам з ім і грошы.

Ларыса МУКАМОЛАВА.

НА ЗДЫМКУ: пасвіць статак Таццяна Грамовіч.