Узор для пераймання

4Хоста, прымулы, касачы, лілеі, півоні, флоксы, клемацісы… Якіх толькі кветак не расце на падворку Валянціны Латышавай з в.Сінягорскае (на здымку). Жоўтыя і ружовыя, белыя і чырвоныя, бэзавыя фарбы з ранняй вясны да позняй восені радуюць не толькі гаспадароў, але і суседзяў-аднавяскоўцаў.

З нядаўняга часу добраўпарадкоўваць падворкі кветкавымі кампазіцыямі, альпійскімі горкамі ды малымі архітэктурнымі формамі стала вельмі папулярна. І гэтая тэндэнцыя шчыра радуе. Уласны кветкавы рай Валянціна Георгіеўна з мужам па кроку ствараюць вось ужо 15 гадоў.
Паказваючы падчас экскурсіі сваіх «дзетак-кветак», гаспадыня без запінкі пералічвае складаныя назвы гатункаў.
— Люблю, каб дом патанаў у кветках як мага даўжэй, — прызнаецца аматар-кветкавод. — Таму і высаджваю іх так, каб яны змянялі адна адну на працягу сезонаў.
Вакол дома — дагледжаны агарод, уздоўж якога таксама высаджаны кветкі. На падворку не знойдеш цьмяных аднатонных сцен: кожную Валянціна Латышава прыгожа размалявала кветкамі і беларускімі краявідамі. Нават на парніку бачны сляды пэндзлю гаспадыні.
Пасля руплівай працы ў задавальненне адпачыць у абвітай вінаградам альтанцы, вакол якой размясціліся папараці, туі, барбарысы, ружы, гартэнзіі, спірэі. Непадалёк расце малады грэцкі арэх.
Калі Латышавы пакінулі старую кватэру і пераехалі ў прыватны дом, то перш-наперш выкарчавалі старыя дрэвы, каб разбіць кветнікі. Валянціна Георгіеўна прызнаецца, што рэакцыя на змены ў аднавяскоўцаў была неадназначнай — маўляў, навошта столькі сіл траціць на нейкія кветкі. Аднак, прайшоў час, і сёння амаль у кожным падворку ёсць які-ніякі кветнік. А гэта добры паказчык у справе добраўпарадкавання.
З выхадам на пенсію ў былой настаўніцы Сінягорскай школы, з’явілася больш часу на любімы занятак. Спраўляцца з хатнімі клопатамі дапамагаюць дзеці, якія часта прыязджаюць да бацькоў у вёску. Дачка Ганна працягнула настаўніцкую дынастыю, працуе ў Сенненскай школе-інтэрнаце. З яе падачы Валянціна Георгіеўна стала добрым сябрам для ўстановы адукацыі, з ахвотай дзеліцца насеннем і саджанцамі для школьных кветнікаў.
Жыць у прыгажосці, дарыць яе людзям, працаваць на добры вынік — гэты ўзор варты для пераймання.

5
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.