Сянно — Масква: 2:0

У Выбаргу Ленінградскай вобласці  прайшла  спартакіяда  выхаванцаў школ-інтэрнатаў і дзіцячых дамоў Саюзнай дзяржавы. Дзеці-сіроты спаборнічалі ў такіх відах спорту, як міні-футбол, валейбол, настольны тэніс і лёгкая атлетыка. Беларусь і Расія былі прадстаўлены камандамі  па 120 чалавек. Сенненцы ў адборачных спаборніцтвах, якія праходзілі ў Гродна, яшчэ вясной атрымалі права выставіць  каманды па ўсіх названых вышэй відах спорту, акрамя лёгкай атлетыкі. А таму  наша  прадстаўніцтва ад Беларусі  было самым масавым — 24 спартсмены, а галоўнае — спартсмены Сенненскай школы-інтэрната  выступілі даволі паспяхова.

 Як расказаў Яўген Кісялёў, намеснік дырэктара ўстановы адукацыі і кіраўнік дэлегацыі, асабліва парадавалі дзяўчаты-валейбалісткі.  Яны не прайгралі ні адной сустрэчы. Уступілі толькі  першую партыю ў стартавым матчы, калі гулялі  супраць каманды з Брэсцкай вобласці. У фінале валейбалісткі з Сянно сышліся  з саперніцамі з Масквы. І не пакінулі  масквічкам ніякіх шанцаў — у матчы  з трох партый быў зафіксаваны лік 2:0.

 Пасля вяртання з Выбаргу ўдзельнікі спартакіяды Саюзнай дзяржавы з прыемнасцю ўспамінаюць не толькі  імгненні спартыўных баталій. Кіраўнікі каманды, юныя спартсмены адзначаюць дасканалую арганізацыю спаборніцтваў, утульныя  спартыўныя пляцоўкі. Вельмі спадабалася культурная праграма, якая кожны дзень складалася з нейкіх забаўляльных і пазнавальных мерапрыемстваў, экскурсій. Асабліва  запомніўся  сярэднявечны замак.

 А яшчэ на памяць аб спартакіядзе кожны яе ўдзельнік атрымаў сувенір і значок. Пераможцам і прызёрам  пра спаборніцтвы будуць напамінаць таксама кубак, граматы і вялікія мяккія цацкі.

Аляксандр Лазюк.

 На здымках: мы — пераможцы; каманды валейбалістак перад фінальным матчам.