Не замерзнем сярод балот і лясоў.

У Сянно і Сенненскім раёне ўсё яшчэ даволі шмат  уладальнікаў прыватных хат, якія маюць патрэбу ў паліве. Найчасцей у якасці яго выкарыстоўваюцца дровы і торфабрыкет.

 Дровы насельніцтва  мо­жа набыць у трох дзяржаўных арганізацыях. Галоўным пастаўшчыком іх усё ж трэба пры­знаць Сенненскі філіял  АУП «Віцебскаблпаліва». За 9 месяцаў бягучага года прадпрыемства забяспечыла  дровамі 630 чалавек.  Праўда, чарга на  паліва па стану на 1 кастрычніка складалася з 375 чалавек. Сенненскі філіял унітарнага прадпрыемства мае магчымасць прадаваць насельніцтву і торфабрыкет. Яго, згодна з заяўкай, да канца года прадпрыемствы-вытворцы паставяць яшчэ 1260 тон.

 Цана на паліва фіксаваная рашэннем Віцебскага аблвыканкама № 386 ад 28.05.2010 г. і складае 24 тысячы рублёў за адзін кубічны метр дроў. Акрамя таго,  асобна трэба плаціць за дастаўку паліва  (ад 3280 да 5820 рублёў за адзін кіламетр, у залежнасці ад віду транспарта), пагрузку. Пры жаданні кліента дровы могуць папілаваць і, нават, пакалоць.

 Больш танна дровы можна набыць у Багушэўскім лясгасе. Маючы на ўвазе, што яго лясніцтвы раскіданы па ўсім раёне, можна думаць,  што разлічваць на гэты варыянт набыцця дроў лепш жыхарам раёна. Да таго ж адпускная цана на паліва ў лясгасе  прыкметна таннейшая — ад 15 да 11 тыс. рублёў за кубаметр у залежнасці ад пароды дрэваў, з якіх нарыхтавана паліва, і памеру дроў. Плата за  транспартныя паслугі складае 30040 за гадзіну  выкарыстання трактара. Па нашай інфармацыі, чаргі на набыццё паліва ў лясгасе няма.

 А самы танны спосаб набыцця дроў  у лясгасе — саманарыхтоўка. Праўда, пад сілу ён далёка не кожнаму спажыўцу паліва і патрабуе шматлікіх намаганняў па арганізацыі работ у лесе, вольнага часу і сіл не аднаго чалавека. Да таго ж, спатрэбяцца адпаведныя прылады працы.

 Дровы насельніцтву прадае прыватнае ўні­тарнае прадпрыемства «Борнас». Кошт аднаго кубаметра з улікам дастаўкі складае 45 тысяч рублёў. Можна набыць паліва таксама ў Багушэўскім леспрамгасе. За перыяд са студзеня па верасень рабочым і пенсіянерам прадпрыемства адпушчана 114 кубаметраў дроў, насельніцтву — 103.

 У апошнія гады на рынку паліва  з’явіўся кускавы торф. Спецыялісты энергетычнай сферы адзначаюць меншую ў параўнанні з торфабрыкетам залістасць, больш высокі каэфіцыент цеплааддачы.  Яго рэалізоўвае РУП «Віцебск­аблгаз» праз свае філіялы ў Шуміліне і Докшыцах.

Аляксандр Лазюк.