Ад землякоў Машэрава

У Расоны на абласное свята «Дажынкі — 2010» з’ехаліся майстры з усёй Віцебшчыны. У святочнай выставе народных промыслаў прынялі ўдзел каля 22 Дамоў рамёстваў. У іх ліку і наш сенненскі. Сёлета ў склад дэлегацыі ўвайшлі 3 майстры: дырэктар Дома Іна Стычынская, майстрыха па саломапляценні Валянціна Грыбоўская, майстар па ткацтве Карына Карасёва і два прадстаўнікі ад клуба народных майстроў «Натхненне» — разьбяр Васіль Бандарэвіч з Сянно і майстар лазапляцення Сяргей Грунтоў з Ходцаў.

 Найбольшым попытам у гасцей расонскіх «Дажынак» карысталіся свістулькі і лазовыя кошыкі, зробленыя рукамі сенненскіх рамеснікаў.

 На памяць аб візіце землякоў Машэрава засталася кніга Васіля Бандарэвіча «Экскурсія да вытокаў. Горад Сянно», якую краязнаўца падараваў расонскаму музею баявой садружнасці.

 На здымку (злева направа): майстры В.Грыбоўская, К.Карасёва, начальнік аддзела культуры райвыканкама Л.Новікава, С.Грунтоў, галоўны спецыяліст Т.Пагарэльская, выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў Т.Вярцінская і К.Глазунова.