Піянерскае свята

  Піянерскі гальштук, піянерскі атрад, піянерскі важаты, піянерскі лагер, піянерскі касцёр…  Менавіта са словам «піянерскі» ў многіх пакаленняў жыхароў нашай краіны звязаны ўспаміны дзяцінства. І сапраўды, дзяцінства немагчыма без прыгод і сапраўдных сяброў, цікаўнасці да ўсяго і добрых учынкаў.

 Піянеры Беліцкай сярэдняй школы  адзначылі дзень нараджэння ГА «БРПА».  Урачыстасці праходзілі ля помніка воінам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

 Вучні 5 класа з нецярпеннем чакалі піянерскі юбілей. Ім выпаў вялікі гонар быць прынятымі ў рады БРПА менавіта сёлета.

 На свята запрасілі ветэрана  Вялікай Айчыннай вайны В.П. Хадыку, які расказаў вучняў пра сваё піянерскае дзяцінства, пра баявыя паходы. Васіль Пракопавіч пажадаў  піянерам з гонарам несці званне піянера, захоўваць традыцыі, імкнуцца рабіць карысныя справы, галоўнае — добра вучыцца.

 Вольга Ульянава — былая настаўніца школы, піянерважатая з васьмігадовым стажам, таксама павіншавала ўсіх са святам, пажадала заўсёды даражыць сваім добрым імем, справамі.

 І вось настаў хвалюючы момант — прыём у піянеры. Дырэктар школы К.І. Рабушка зачытала ганаровае абяцанне піянера, са спадзяваннем, што хлопчыкі і дзяўчынкі ніколі яго не забудуць,  сумленна будуць выконваць свае  абавязкі.

 Напрыканцы свята піянеры дружыны імя А.Матросава правялі сімвалічнае прыняцце ў свае рады В.П.Хадыку  і В.Л. Ульянаву.

 Усім піянерам жадаем імкнення да  адкрыццяў, цікаўнасці да ўсяго, не забываць пра сувязь пакаленняў, добрых учынкаў у жыцці.

 Людміла Рацькова,

педагог-арганізатар УА «Беліцкая ДАСШ».