Добры пляж — бяспечны пляж

 P1210657Чэрвень не асабліва парадаваў сенненцаў цеплынёй. Тым не менш, ля вадаёмаў рэгулярна можна назіраць аматараў паплаваць. А з прыходам па-сапраўднаму летняй спёкі іх колькасць істотна павялічыцца.

Па інфармацыі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, месцы і зоны адпачынку даўно гатовы да купальнага сезону. Афіцыйна ў Сенненскім раёне налічваецца тры месцы масавага адпачынку людзей.  Яны абсталяваны на азёрах Ходцаўскае, адказнасць за ўборку якога нясуць мясцовы ўчас­так РУП ЖКГ і Ходцаўскі сельвыканкам, Заазерскае (Ульянавіцкае лясніцтва) і Дарскіх азёрах (Обальскае лясніцтва). Тут не пакупаешся. Затое ў лясных масівах створаны ўмовы для іншага адпачынку. На азёрах Рахальскае (ПС «Сянно» і НПС «Дружба»), Тухін­скае (філіял «АТП №20 г.Сянно» і Сенненскае ПМС), Серакаратнянскае (Багушэўскі сельвыканкам і ДЛГУ «Багушэўскі лясгас), Дзевінскае (ААТ Станказавод «Чырвоны барэц» і ТАА «Цэнтрінвест») і Сенненскае (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, РУП ЖКГ) створаны ўмовы для купання.

P1210679         Па словах старшыні раённай арганізацыі таварыства выратавання на ва­дзе Уладзіміра Станкевіча, гатоўнасць цэнтральнай зоны адпачынку на возеры Сенненскім пацверджана пракурорскай праверкай, а таксама абследаваннямі экалагічнай і санітарнай службаў. Акрамя таго, вадалазы абласной арганізацыі таварыства выратавання на вадзе ачысцілі ад смецця акваторыю купальні.

Пляж у г. Сянно — адзі­ная зона адпачынку, дзе размешчаны выратавальны пост АСВОДа. Тры чалавекі ажыццяўляюць што­дзённае дзяжурства. На возеры ўсталяваны знакі ­(буйкі), якімі пазначаны месцы для купання. пабудаваны лаўкі, арэлі, раздзявальні. Непадалёк знаходзіцца туалет, кантэйнеры для смецця, калонка з пітной вадой. Для адпачываючых размешчана наг­лядная інфармацыя аб правілах паводзін на ва­дзе, спосабах выратавання, аказання пацярпелым першай медыцынскай дапамогі.

P1210675         На жаль, на яе мала хто звяртае ўвагу. А калі і чытае, то не выконвае. Нядаўна ў стане алкагольнага ап’янення на возеры Серакаратнянскае патанула жанчына.

—  Арганізаваць працу выратавальных пастоў АСВОДа на кожным пляжы няма магчымасці і фінансавых сродкаў, —  кажа Уладзімір Станкевіч. — Таму прадстаўнікам сельвыканкамаў, міліцыі, іншых зацікаўленых службаў трэба звяртаць  ўвагу не толькі на інфармаванасць насельніцтва аб правілах паводзін на вадзе, але і на кантроль за іх выкананнем.

Ды і самім адпачываючым трэба быць больш пільнымі, неабыякавымі. Заўважыўшы на пляжы за распіццём алкагольных напояў «вясёлую» кампанію, не баяцца паведаміць у адпаведныя службы. Гэтым вы зможаце выратаваць не адно жыццё.

Ірына ГАРБАЧОВА.

Фота аўтара.

Асноўныя правілы паводзін на вадзе:

 — катэгарычна забараняецца плаваць у нецвярозым стане ці распіваць спіртныя напоі на пляжы;

— заплываць за буі;

— неабходна пастаянна сачыць за дзецьмі, не дазваляць ім адным заходзіць у ваду;

— нельна доўга знаходзіцца ў халоднай вадзе, далёка адплываць ад берага нават на спецыяльных матрацах і кругах;

— калі нагу схапіла сутарга, трэба на імгненне акуратна апусціць яе ў ваду і выпрастаць, затым моцна пацягнуць на сябе ступню за вялікі палец;

— не нырайце ў ваду: ні адзін вадаём не мае пастаяннага рэльефу, таму, аступіўшыся, можна атрымаць сур’ё­з­­ную траўму;

— забараняецца забруджваць вадаёмы і водаахоўныя зоны.