Раслінны “акупант” ужо на подступах да Сінаяў
У Беларусі пераважная большасць існуючых папуляцый баршчэўніку Сасноўскага знаходзіцца ў Віцебскай (43%) і Мінскай (41%) абласцях. Па дадзеных раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, на тэрыторыі раёна плошча, занятая гэтай раслінай, складае каля 22 га. Ачагамі распаўсюджання баршчэўніку з’яўляюцца Багданаўскі (вёскі Галоўск, Поўзікі, Пожанькі), Студзёнкаўскі (Сінягорскае) і Беліцкі (Полымя, Старая Беліца, Рулёўшчына) сельсаветы. У асноўным расліна «акупіруе» прыдарожныя палосы, неапрацаваныя землі.
Чарговы рэйд, які правялі раённыя эколагі і спецыялісты РЦГЭ, выявіў наяўнасць баршчэўніку каля парку 40-годдзя Перамогі ў г. Сянно. На месцы былога прыватнага агароду красаваліся мясістыя лісты «злоснай» расліны. Тэрыторыю побач з Сенненскім ПМС абслугоўвае РУП ЖКГ. Высветлілася, што да нашага званка прадпрыемства не бачыла ў непасрэднай блізкасці да папулярнага ў народзе месца адпачынку прыродную небяспеку. Майстар па добраўпарадкаванні г.Сянно РУП ЖКГ Валерый Маклюк запэўніў, што ў хуткім часе будуць прымацца меры па яе ліквідацыі. Праз некалькі дзён баршчэўнік быў скошаны.
Не лепшай выглядае сітуацыя ў вышэйназваных сельсаветах. Так, у Беліцкім сельвыканкаме паведамілі, што змагаюцца з пустазеллем выключна шляхам скошвання. Па словах старшыні Сяргея Галынчыка, рэгулярна абкошваюцца цэнтральныя вуліцы аграгарадка, за астатнімі зарослымі зонамі замацавана УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава». Але іх намаганняў недастаткова. Расліна з кожным годам усё мацней пускае карані на тэрыторыі сельсавета.
У якасці мераў барацьбы з небяспечным «іншаземцам» ужываюцца гербіцыды суцэльнага дзеяння, можна выкопваць карані, скошваць сцеблі, зразаць суквецці. У асноўным гэтай работай павінны займацца сельгасарганізацыі. У апошніх часта не хапае сродкаў на набыццё хімікатаў, гаручага для тэхнікі… Выйсце бачыцца ў стварэнні спецыяльных механізаваных брыгад з прыцягненнем спецыялістаў РАНС, валанцёраў. Выконваючы меры засцярогі, людзі могуць змагацца з пустазеллем самастойна.
У апошні час раённыя эколагі выдалі больш за 10 прадпісанняў для барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага сельгасарганізацыям, лясной гаспадарцы, ПМС, дарожным службам. За невыкананне адпаведных мер па знішчэнні расліны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: для фізічных асоб ад папярэджання да штрафу ў памеры 20 базавых велічынь, юрыдычных асоб — ад 10 да 200.
Расліна яшчэ не распусціла свае «парасоны», не насеяла насенне, пасля чаго на будучы год плошча росту баршчэўніку значна ўзрасце. Таму змагацца з ёй неабходна тут і цяпер.
Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота аўтара.