А за вуглом, гной ці ўгнаенне?

Памятаеце стары анекдот пра калгасны сход, дзе разглядаецца прось­ба суседняй гаспадаркі аб выдзяленні гною? Адмо­вілі, бо самім трэба, бо гэта ж — угнаенне!

 Яшчэ 50 гадоў таму акрамя арганікі ў земляробстве нашай краіны іншыя ўгнаенні фактычна не выкарыстоўваліся. Гной быў адзіным  сродкам, каб узбагаціць зямлю пажыўнымі рэчывамі, мікраэлементамі, каб палепшыць структуру глебы. Не менш важна, што  і сілкаваў ён расліны на працягу  многіх гадоў.

 Нядаўна са сваім знаёмым, жыхаром Латыгаля, давялося праязджаць паўз кукурузнага поля КУСГП імя Данукалава — невысокія сцябліны, паўпустыя пачаткі.

 — Спёка дала ведаць, — вырвалася міжволі.

 — А я думаю, што праблема ў іншым — гною ў зямлю паклалі мала ці ўвогуле не ўносілі. Паспадзяваліся на мінеральныя ўгнаенні. А яны дзейнічаюць як?  Сыпнуў — расліны пайшлі ў рост. Дождж прайшоў — усё змыла. Тым больш на гэтых землях, дзе  пясок ды каменне. Памятаеш, якія дажджы ішлі ў пачатку лета?! Спёка толькі дарабіла пачатае, — падсумаваў свае разважанні чалавек, які  хоць і не мае агранамічнай адукацыі, але зямлю ведае і любіць працаваць на ёй.

 Падобным чынам разважае не толькі ён. У наш час самыя дбайныя аграномы грамадскіх сельгасарганізацый на палетках выкарыстоўваюць і мінеральныя, і арганічныя ўгнаенні, асаблівую ўвагу пры гэтым надаючы захаванню арганікі, прыгатаванню кампостаў.

 — Найлепшы варыянт, калі маецца гнаясховішча. Пры яго адсутнасці  гной трэба буртаваць. Справа ў тым, што ў такім выпадку ён «працуе», ператвараецца ў арганіку з больш высокім,  чым у гноі з-пад транспарцёра, утрыманнем пажыўных рэчываў і мікраэлементаў, — расказвае Ірына Пракаповіч, начальнік аграхімаддзела райсельгасхарчу. Па яе словах, гэта не высокая навука — азы, вядомыя спецыялістам-пачаткоўцам, кожнаму, хто мае хоць нейкае дачыненне да сельскай гаспадаркі. Чаму тэорыя не стасуецца ў нашым раёне з практыкай, розныя асобы тлумачаць па-рознаму. Эдуард Герасіменка, старшыня райвыканкама, напрыклад, лічыць, што многім кіраўнікам гаспадарак не хапае разумення  ролі арганікі ў павышэнні ўрадлі­васці глебы.

 — Я колькі працую ў Сенненскім раёне, столькі не стамляюся гаварыць пра неабходнасць нарыхтоўкі арганічных угнаенняў. Сённяшнія іх запасы ацэньваюцца ў 6,5  млрд рублёў. А якую аддачу можна атрымаць! Некалькі гадоў таму вычысцілі ад гною тэрыторыі вакол усіх ферм раёна, хоць на дапамогу давялося прыцягнуць фактычна ўсю наяўную тэхніку прадпрыемстваў райцэнтра. Дапамагалі шэфы з Віцебска. Гэтым летам многаезроблена спецыяльна створанымі звеннямі. У прыватнасці, тэхніка прадпрыемства меліярацыйных сістэм на славу папрацавала ў СВК «Сінягорскае». Асабіста не раз там бываў, кантралюючы работу.Паглядзіце, што маем  цяпер…

 Паглядзелі. На малочнатаварнай ферме вёскі Аўчынкава гной, як і ў былыя гады, з дапамогай сістэмы выдалення выкідваецца за вугал будынка.  Хоць, наколькі нам вядома, кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Сухвал даваў слова абсталяваць ля фермы пляцоўку, дзе можна было б ставіць прычэп, каб і адвозіць гной у бурт. Выканаць абяцанне можна і зараз, калі жывёлазнаходзіцца на стойлавым утрыманні. А пакуль што  вадкая маса сцякае ўніз у балаціну. Амаль тое ж самае  ля фермы вёскі Падграддзе. Праўда, там спробы адвозіць гной усё ж рабіліся.

 Пракаменціраваць убачанае мы папрасілі старшыню Студзёнкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Васіля Бараноўскага.

 — На мой погляд, тут трэба гаварыць не толькі пра адсутнасць сістэмы  ў назапашванні арганікі —  парушаецца экалагічнае заканадаўства. У бліжэйшы час давядзецца вынесці пытанне ўтылі­зацыі гною на пасяджэнне выканкама, паглядзець, як гэта робіцца ў іншых гаспадарках сельсавета, — выказаўся ён.

 Выкарыстанне арганічных угнаенняў эканамічна абгрунтавана.  Яны таннейшыя за мінеральныя па сабекошце, не патрабуюць вялікіх затрат пры ўнясенні. Здавалася б, пры такіх плюсах за  арганіку агітаваць не трэба. Ды вось даводзіцца.

Аляксандр Лазюк.

 На здымках: так вы­гля­дае тэрыторыя па­блі­зу  ферм  вёсак Аўчынкава і Падграддзе.