У БАГУШЭЎСКІМ ДОМЕ-ІНТЭРНАЦЕ ІНВАЛІДЫ ВУЧАЦЦА ЖЫЦЬ АСОБНА

Багушэўскі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця хоць і прызначаны (згодна з назвай) для непаўналетніх інвалідаў, тым не менш,  стаў домам для многіх, хто даўно выйшаў з дзіцячага ўзросту. Нягледзячы на павышэнне якасці жыцця, найноўшыя дасягненні медыцыны і тэхналогій, ім,  па-ранейшаму, нялёгка жывецца ў нашым соцыуме. змяніць стэрэатыпы спрабуюць ў Багушэўскім доме-інтэрнаце. Сёлета там стартаваў унікальны для Віцебскай вобласці праект па самастойным пражыванні людзей з абмежаванымі псіхафізічнымі  магчымасцямі.

 Побач з будынкамі сацыяльнай установы высяцца два прыгожыя катэджы. Яшчэ паўтара года таму гэта былі напаўузведзеныя доўгабуды — жыллё некалі будавалася для работнікаў. Цяпер дыхтоўныя дамы з еўравокнамі і з усімі выгодамі насяляюць 12 выхаванцаў дома-інтэрната. У кожным дамку — па шэсць чалавек. Хлопцы і дзяўчаты жывуць разам. Самастойнае жыццё тут пачалося некалькі месяцаў таму, а ўжо станоўчыя вынікі навідавоку. Падворкі ўпрыгожваюць газоны, кветнікі, альтанкі, лавачкі. Віктар Кірылаў, дырэктар установы, сцвярджае, што ўсё гэта зроблена выключна рукамі насельнікаў катэджа. Асаблівасці самастойнага жыцця дапамагаюць асвойваць інструктары. Дзяўчат вучаць прыбіраць, гатаваць  ежу,  таму ў  пакоях — чыста, утульна, смачна пахне пірагамі  (іх, дарэчы, часта пякуць ) хлопцаў — майстраваць, весці гаспадарку. Апошнія таксама паспелі прымяніць атрыманыя веды на практыцы — зладзілі ля ўваходаў веранды, упарадкавалі гаспадарчыя пабудовы.

 Агульны клопат для жыхароў абодвух дамоў — агарод і хатняя жывёла.

 Праект цалкам знаходзіцца на самаакупнасці,  дзякуючы дапамозе замежных спонсараў і ўласнай працы ўдзельнікаў эксперымента. Да слова, сам праект — вынік узаемасупрацоўніцтва паміж сацыяльнымі службамі Віцебскай вобласці і шведскага горада Хальмстад. Шведы паспрыялі і набыццю першай рагулі ў гаспадарку маладых багушэўцаў. Другую карову  купілі ўжо за ўласныя сродкі. Акрамя таго эканоміка праекта трымаюцца на вырошчванні парасят, кур,  агародніны. Адна плантацыя капусты, што размяцілася побач з катэджамі, уражвае. Хапае і на сябе, а лішкі ідуць на продаж — вось вам і жывыя грошы. Плюс да таго пенсія, якую атрымлівае кожны насельнік. Так  тут вучацца зарабляць і распараджацца  грашыма.

 Між тым, нягледзячы на занятасць хатнямі справамі, многія ўдзельнікі знаходзяць час на творчасць. Хтосьці асвойвае ў гуртках  дэкаратыўнае мастацтва, а хто і спявае, танцуе. Калектыў установы надае вялікую ўвагу творчым заняткам сваіх выхаванцаў. Так, напрыклад, летась дзіцячы калектыў дома-інтэрната стаў пераможцам рэспубліканскага фестывалю для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця «Мары здзяйсняюцца!» і прыняў удзел у міжнародным фестывалі творчасці дзяцей-інвалідаў «Кракаўскія сустрэчы» (Польшча). Творчасць таксама павінна паспрыяць  далейшаму жыццю  выхаванцаў інтэрната.

 Праект асобнага пражывання разлічаны на два гады. Пасля чаго маладыя людзі выправяцца ў самастойнае  дарослае жыццё. І катэджы заселяць новыя выхаванцы. Аднак ужо сёння ў доме-інтэрнаце ўпэўнены, што іх выхаванцам для інтэграцыі ў грамадства спатрэбіцца куды менш часу.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымках: дружная «сям’я» аднаго з катэджаў разам з інструктарам і хатнім любімцам — катом Васькам;катэджы, дзе жывуць удзельнікі праекта.