Пасля ўрокаў пад прыглядам

 N11rУ верасні бягучага года ў Машканскай школе па просьбе бацькоў  створаны 2 групы прадоўжанага дня для вучняў 1-4 класаў. Кожную групу наведваюць па 20 чалавек.

Для дзяцей арганізавана паўнацэннае харчаванне, у якім выкарыстоўваецца гародніна з прышкольнага ўчастка. Выхавацелямі груп працуюць Таццяна Аляксандраўна Ізмайловіч і Ніна Аляксандраўна Грыгарэнка.
У пагодлівыя дні большую частку часу вучні праводзяць на свежым паветры, удзельнічаюць у спартыўна-забаўляльных мерапрыемствах, гульнях, экскурсіях па аграгарадку, парку, лесе.
Асаблівая ўвага ў групах надаецца ролевым гульням, накіраваным на абучэнне дзяцей захаванню мер бяспекі ў час знаходжання дома без бацькоў. Такія гульні, як «Адзін дома», «Запалка — не цацка», «Зайкіна школа», выхоўваюць прадбачлівасць і асцярожнасць, а «Асцярожна, пешаход», «Флікер у дарогу бяром» вучаць правільна паводзіць сябе на шляху ў школу і дадому.
Шмат рабят з груп прадоўжанага дня наведваюць гурткі: школьныя — «Азбука фларыста», «Прыгажосць сваімі рукамі» і цэнтра дзяцей і моладзі — «Юны гульнятэхнік», «Маленькія чараўнікі».
Але самае галоўнае — бацькі спакойныя за сваіх дзяцей, якія знаходзяцца пад прыглядам вопытных выхавацеляў і педагогаў.

 Таццяна Каранеўская,
настаўніца Машканскай ДССШ.
 На здымку: ідуць заняткі ў гуртку «Прыгажосць сваімі рукамі».