Про Батьку Миная рассказали ученикам Мошканской школы

Ажывіць працэс навучання ў школе, выкарыстоўваючы пры гэтым не толькі  сучасныя метады працы з дзецьмі, але і вяртаючыся да такой формы работы, як адукацыйная экскурсія, — эфектыўны момант у арганізацыі вучэбнай дзейнасці, упэўнены педагогі Машканскай школы.

Так, на днях юныя машканцы, вучні 7-9 класаў, на чале з настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Таццянай Яблакавай пабывалі ў Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова. Больш вядомага як Бацька Мінай — у гады Вялікай Айчыннай вайны камандзіра партызанскага злучэння. Паездка невыпадковая: прымеркаваная да Году гістарычнай памяці, аб’яўленага ў нашай краіне, больш таго, сёлета спаўняецца 80 гадоў з дня стварэння 1-й Беларускай партызанскай брыгады, якую ўзначальваў Мінай Шмыроў, і ўтрымання “Суражскіх (Віцебскіх) варотаў”.

Сёння мы  проста не можам не ўспомніць пра тую вялікую ролю, якую яны адыгралі ў развіцці партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. «Суражскія вароты» — 40-кіламетровы разрыў фронта паміж флангамі груп армій «Поўнач» і «Цэнтр»  на ўчастку ад Веліжа да Усвят, які ўтварыўся ў выніку наступлення савецкіх войскаў і вызвалення шэрагу лясных вёсак партызанамі Віцебскай вобласці.   Існаваў з 10 лютага па 28 верасня 1942 года. Па сутнасці, гэта дарога жыцця. Праз калідор на «Вялікую зямлю» былі эвакуіраваны каля 200 тысяч мірных жыхароў, накіроўваліся добраахвотнікі ў Чырвоную Армію.

У час экскурсіі дзеці не толькі даведаліся пра жыццёвы і ваенны шлях выбітнага камбрыга. Шмат інфармацыі пачэрпнулі пра гісторыю вызвалення самога абласнога цэнтра ў разрэзе ваенных падзей, што адбываліся ва ўсёй нашай краіне. Безумоўна, расказалі хлопчыкам і дзяўчынкам, як дзейнічалі народныя мсціўцы 1-й Віцебскай партызанскай брыгады. Для дзяцей быў праведзены музейны квэст «Партызанская разведка», а таксама ім паказалі дакументальны фільм пра Шмырова.

«Вучням спадабалася экскурсія, — адзначыла Таццяна Яблакава. — Ужо на ўроках гісторыі мы неаднаразова вярталіся да тэмы патрыятызму, ахвяравання сабой дзеля Перамогі. Дзеці разумеюць, што і ім ёсць кім ганарыцца. Машканская зямля ўзрасціла такіх вялікіх людзей, Герояў Савецкага Саюза, як Пётр Машэраў, Аляксандр Гаравец, Іван Камінскі. Памяць пра іх свята ўшаноўваюць у школьным музеі працоўнай і баявой славы».

А яшчэ ва ўстанове адукацыі для дзяцей педагогі распрацавалі свае квэсты па патрыятычным выхаванні: для старшакласнікаў — «Наш аграгарадок — Радзіма герояў», для вучняў малодшага звяна — «Партызанскія сакрэты».

Важна захаваць і перадаць з пакалення ў пакаленне памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, аб трагічных падзеях і гераічных учынках нашых продкаў. Сёння гэта задача нумар адзін. Як паказала жыццё — з ёй у машканскай школе спраўляюцца, што, безумоўна, радуе.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота прадастаўлена Машканскай школай.