Юбілей адзначылі па-сямейнаму

IMG_9290_Аддзелу ўнутраных спраў Сенненскага райвыканкама — 95 гадоў. Урачыстасці з гэтай нагоды прайшлі ў РДК і сталі падзеяй не толькі для ветэранаў міліцыі, асабовага складу РАУС, членаў іх сямей, але і ўсёй грамадскасці раёна.

Павіншаваць з юбілеем сенненскіх міліцыянераў сабраліся шматлікія госці. Раённае кіраўніцтва прадстаўлялі Міхаіл Вілюга, старшыня раённага Савета дэпутатаў, Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама; упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама — яго начальнік Ігар Яўсееў, генерал-маёр міліцыі. У зале было шмат кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў.
Вітаючы прысутных, Міхаіл Архіпаў, начальнік РАУС, нагадаў, што 24 ліпеня далёкага 1918 года загадам Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Сенненскага павета быў створаны атрад міліцыі, на які ўскладвалася задача па абароне насельніцтва ад шматлікіх тады бандытаў, узброенных груповак.
З таго часу функцыі міліцыі не мяняліся.  Як і яе сутнасць. Быў час, калі стаць міліцыянерам можна было толькі па рэкамендацыі працоўнага калектыву, партыйнай ці камсамольскай арганізацыі. Сёння пры адборы кадраў прыярытэт аддаецца тым прэтэндэнтам, якія валодаюць адпаведнымі маральна-псіхічнымі якасцямі, гатовы ахвяраваць сабой дзеля іншых.
У Сенненскім РАУС маладых супрацоўнікаў у першыя дні іх працы знаёмяць з біяграфіяй Аляксея Сінкевіча, участковага ўпаўнаважанага, які ў верасні 1964 года загінуў пры затрыманні небяспечнага злачынцы. Некалькі гадоў назад  на месцы яго гібелі ўстаноўлены памятны знак. Адна з вуліц раённага цэнтра носіць імя міліцыянера.
Бег жыцця няспынны. Нават сярод ветэранаў раённага аддзела ўнутраных спраў не засталося людзей, якія працавалі з Аляксеем Сінкевічам. Але ў аддзеле жыве традыцыя захоўваць, выкарыстоўваць вопыт старэйшых пакаленняў, перадаваць яго маладым супрацоўнікам. Дзеля гэтага працуе ветэранская арганізацыя. А не так даўно савет ветэранаў раёна ўзначаліла Ядвіга Сыраваткіна, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, колішні начальнік следчага аддзела РАУС. Міліцыянеры-пенсіянеры, пасля выхаду ў адстаўку, як правіла, не застаюцца без справы. І ў якой бы сферы яны не працавалі, іх цэняць, ім давяраюць. IMG_9257_
Выступаючы перад удзельнікамі ўрачыстага сходу,  Міхаіл Архіпаў успомніў добрымі словамі сваіх былых калег. Асаблівыя словы ўдзячнасці ён выказаў Васілю Іванюшчанку, былому начальніку Сенненскага РАУС, які ўзначальваў аддзел, калі туды малодшым лейтэнантам прыйшоў на службу Міхаіл Архіпаў. Дарэчы, Васіль Яфімавіч прысутнічаў у зале. Ён — старшыня абласнога савета Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў.
Прыехалі ў Сянно на ўрачыстасці іншыя былыя кіраўнікі РАУС: Рыгор Кучынскі, Дзмітрый Броўка, Аляксандр Рукаль. Яны не толькі працавалі ў Сянно, а зараз займаюць ці займалі (Р.Кучынскі) адказныя пасты ва УУС аблвыканкама. Яны — ураджэнцы Сенненшчыны.  Многія былыя супрацоўнікі  Сенненскага РАУС, нашы землякі ўзначальваюць аддзелы ўнутраных спраў выканкамаў суседніх раёнаў: Міхаіл Дзядзічкін — у Чашніках, Міхаіл Латышаў — у Лепелі.
Са словамі віншаванняў да сенненскіх міліцыянераў звярнуўся Ігар Яўсееў. Падзякаваўшы за службу, ён нагадаў,  што дрэнна працаваць у органах унутраных спраў немагчыма. Дзяржава, улады робяць усё неабходнае для паспяховай службы. Толькі сёлета ў Сянне абноўлены будынак райаддзела, папоўніўся аўтапарк. А галоўнае, людзі давяраюць сенненскай міліцыі, моладзь ахвотна паступае ў навучальныя ўстановы МУС. Ігар Яўсееў уручыў пасведчанне аб прысваенні чарговых званняў групе супрацоўнікаў Сенненскага РАУС, Ганаровыя граматы, граматы, падзякі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.
Віншаванне ахоўнікам правапарадку і словы ўдзячнасці ад імя райвыканкама выказала Зоя Фаміна: «Сенненская міліцыя прайшла вялікі і слаўны шлях, бяспрэчныя яе сённяшнія заслугі і дасягненні. На вуліцах нашых населеных пунктаў спакойна, мы ўпэўнены, што любыя памкненні на нашы законныя правы будуць спынены,» —  сказала яна і ўручыла Ганаровыя граматы райвыканкама.
IMG_9188_  З такой жа прыемнай місіяй выступіў і Міхаіл Вілюга. У сваім выступленні  старшыня раённага Савета дэпутатаў нагадаў пра важнасць для падтрымання грамадскага парадку кантактаў усіх органаў і структур улады.
Урачысты вечар з нагоды 95-годдзя Сенненскага РАУС быў шчодры на цёплыя словы і падарункі. Іх юбілярам уручалі калегі з суседніх раёнаў, УУС аблвыканкама, кіраўнікі працоўных калектываў, раённых арганізацый і ўстаноў. «Дастойна несці свой крыж» пажадаў сенненскім міліцыянерам  пратаіерэй Свята-Мікалаеўскай царквы г.Сянно, благачынны Сенненскай акругі Мікалай Валачковіч.
Да 95-годдзя Сенненскага РАУС быў створаны і выраблены нагрудны знак супрацоўніка аддзела. Насіць яго змогуць не толькі сенненскія міліцыянеры. Адзнака прыналежнасці да сенненскай міліцыі ўручана і генерал-маёру міліцыі Ігару Яўсееву.
Урачысты вечар, нават у сваёй заключнай частцы, меў адпаведную афарбоўку. Канцэрт для юбіляраў даў вакальна-інструментальны ансамбль «Ночная птица» Наваполацкага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.
Міліцэйская служба мае свае асаблівасці. Адна з іх звязана з характарам службы, якая праходзіць пры непасрэдным кантакце з людзьмі. Вось чаму для міліцыі так важны давер насельніцтва. Па гэтым паказчыку сенненскія міліцыянеры даўно знаходзяцца ў ліку лепшых аддзелаў вобласці.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.