Чароўнае жыцце кветак

Пад такой назвай у Сінягорскай бібліятэцы-музеі адкрылася выстава жывых кветак. Букеты, прыродныя кампазіцыі зроблены рукамі ўдзельнікаў гуртка «Чароўная кветка», якім кіруе бібліятэкар Святлана Ярохава. 

cvetikiЦяжка паверыць, але аўтарамі яскравых «Модніц», «Феерверкаў», «Анюткіных вочак» і інш. (а букетаў на выставе набярэцца не адзін дзясятак) з’яўляюцца дзеці. Сярод юных фларыстаў не толькі мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі, але і тыя, хто на летніх канікулах адпачывае ў сваіх бабуль. Аня Шчарбакова (на здымку першая справа) прыехала з Мінска, Ліза Галенка (другая) з Сянна, іх сябры — Насця Прыстаўка, Ілья Гарнак, Эдуард Саўген — месцічы.
Матэрыял для выставы бралі з кветнікаў на ўласных падворках. Пакуль рабіліся кампазіцыі даведаліся шмат цікавага пра расліны ад Святланы Аляксееўны — вядомага ў Сінягорскай кветкавода. Да яе за насеннем ды парадамі па вырошчванні раслін звяртаюцца многія вяскоўцы.
Падобныя выставы жывых кветак у бібліятэцы-музеі ладзяцца не першы год і ўжо паспелі набыць папулярнасць у сінягорцаў, якія з задавальненнем прыходзяць палюбавацца на квітнеючую прыгажосць.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.