Няма, няспраўны, непавераны

N1-

Галоўны дзяржінспектар Юрый Цеплякоў паказвае «жучкі» ў электраразмеркавальнай устаноўцы

З мабільнай групай Сенненскага райвыканкама ў складзе Анатоля Кучынскага, старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК, Юрыя Цеплякова, галоўнага дзяржаўнага інспектара аддзела нагляду №4 г. Лепеля, Юліі Ільючэнка, галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, і Наталлі Сапрыка,  галоўнага спецыяліста-юрысконсульта ўпраўлення сельскай гаспадаркі і  харчавання райвыканкама, на чарговую праверку захавання правілаў аховы працы ў сельгаспрадпрыемствах раёна выехала карэспандэнт «Голасу Сенненшчыны».

У планах групы было наведванне адкрытых акцыянерных таварыстваў «Літусава» і «Бяленева».
Першае парушэнне правілаў аховы працы ўбачылі, яшчэ не ступіўшы на тэрыторыю мехдвара ААТ «Літусава»: вароты на ўездзе не мелі абазначэння габарытных размераў. На мехдвары адразу кінуўся ў вочы «нерабочы» экскаватар, небяспечная зона пад стралой якога не была абгароджана.

N2-

незакрыты прывад кампрэсара

Адсутнічаў указальнік габарытаў і на варотах майстэрні, як і фіксатар варот у адчыненым становішчы. Няправільна захоўваліся балоны з кіслародам, на якіх, да таго ж, былі ўстаноўлены непавераныя рэдуктары.
Электраразмеркавальныя ўстройствы не мелі запораў. Небяспечным было і тое, што пад знятай кабінай трактара МТЗ-82 устанавілі выпадковыя падстаўкі.
З парушэннямі эксплуатаваліся металаапрацоўчыя станкі.

Паглядзеўшы журнал інструктажоў, мабільная група зноў знайшла недапрацоўку — адзін з работнікаў не прайшоў паўторны інструктаж на рабочым месцы.
Далей наш шлях ляжаў да сянажнай ямы, што закладвалася ля вёскі Калантаёва. Трактар «Беларус», які быў задзейнічаны тут, аказаўся без вогнетушыцеля. Не быў аснашчаны гэтай неабходнай рэччу і другі трактар такой жа маркі. Пагрузчык «Амкадор» працаваў, не прайшоўшы тэхнічны агляд, без аптэчкі і, зноў жа, без вогнетушыцеля. Іншая тэхніка таксама эксплуатавалася з парушэннямі тых ці іншых правіл.
Не адрозніваліся захаваннем правілаў тэхнікі бяспекі майстэрня і мехдвор ААТ «Бяленева» дзе знайшлі не менш парушэнняў, у многім падобных на ўбачаныя ў «Літусаве». Адсутнічала ўстройства для фіксацыі варот. Прывад кампрэсара для падпампоўвання шын не меў агароджы, манометр, устаноўлены на кампрэсары, не прай

шоў паверку. На круку кран-бэлькі адсутнічаў замок. Не паклапаціліся тут і аб арганізацыі захоўвання балонаў з гаручым газам. Каля вулканізатара не было рызінавага дыванка. Вертыкальны свідравальны станок меў няспраўны механізм вяртання шпіндэля. На рэдуктары газазварачнага абсталявання быў устаноўлены няспраўны манометр.
У засцерагальніках электраразмеркавальнага ўстройства, у якое, дарэчы, быў свабодны доступ, замест плаўкіх уставак выкарыстоўваліся кускі дроту. Усё гэта стварала верагоднасць не толькі ўзнікнення пажару, але і паражэння электратокам.

N3-

драўляная калода пад знятай кабінай трактара

Няма, няспраўны, непавераны, няправільна… За кожным гэтым «не» стаіць рэальная пагроза жыццю і здароўю людзей.
Не сакрэт, што ахова працы патрабуе ўкладання значных фінансавых сродкаў, на якія, на жаль, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў большасці сваёй небагатыя. Але многае можна зрабіць і сваімі сіламі, калі падыходзіць да справы з адказнасцю і разуменнем усёй сур’ёзнасці пытання. У гутарцы са старшынёй ААТ «Бяленева» Уладзімірам Шухто, Юрый Цеплякоў зазначыў: «Пры арганізацыі работы па ахове працы на вытворчасці заўсёды трэба думаць пра самае страшнае, што можа адбыцца ў выніку незахавання правілаў тэхнікі бяспекі, — пра смерць чалавека, якога ўжо не вернеш, нават выправіўшы ўсе памылкі і недахопы».

Над гэтымі словамі, лічу, варта задумацца многім кіраўнікам.


Таццяна Буракова.
Фота аўтара.