Уважлівы да людзей, адказны ў справе

p-21-12«Каб чагосьці дасягнуць у жыцці, трэба добрасумленна працаваць і разлічваць перш за ўсё на сябе», — такім жыццёвым прынцыпам кіруецца Уладзімір Прыстаўка. Больш за васямнаццаць гадоў узначальваў ён інжынерную службу ўпраўлення сельскай гаспадаркі і  харчавання райвыканкама, у тым ліку тры з паловай гады знаходзячыся на пенсіі.

У дзяцінстве хлопца вельмі цікавілі балты, гайкі, розныя жалезкі. Яшчэ не даставаў да педаляў аўтамабіля, а ўжо разам з дзядзькам Рыгорам Прыстаўкам, які быў вадзіцелем, ва ўсю «руліў». «Мая першая аўтамашына — «ГАЗ-АА», паўтаратонка з драўлянай кабінай», — успамінае Уладзімір Пятровіч.
Пасля заканчэння Пустынкаўскай сярэдняй школы паступіў у Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум на спецыяльнасць «тэхнік-механік»  — запаветная мара нарэшце пачала збывацца. Па размеркаванні прыехаў у Сенненскі раён — працаваў механікам у калгасе «Чырвоны пуцілавец». Потым была армія. Службу праходзіў у дэсантных войсках спачатку ў Пскове, а затым у Маскве. Мог пасля праходжання тэрміновай службы застацца працаваць на аўтабазе Міністэрства шляхоў зносін. Аднак хлопца цягнула на малую радзіму.
Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся ў калгас імя Кірава. Пачынаў брыгадзірам трактарнай брыгады,  быў механікам, галоўным інжынерам гаспадаркі.
Працоўная біяграфія Уладзіміра Пятровіча вельмі насычаная. Закончыўшы Вялікалукскі сельскагаспадарчы інстытут, працаваў у райсельгастэхніцы інжынерам па гарантыйным абслугоўванні новай тэхнікі, намеснікам кіраўніка па транспарце, па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні калгасаў і саўгасаў. Узначальваў райсельгастэхніку, замяніўшы на гэтай пасадзе свайго настаўніка Леаніда Кішковіча.
У райкаме партыі заўважылі дасведчанага, адказнага спецыяліста, яго арганізатарскія здольнасці і прапанавалі пасаду кіраўніка райспажыўсаюза. «Канечне, гэта для мяне стала нечаканасцю, — успамінае Уладзімір Пятровіч, — да таго ж на роздум часу не было. У выніку згадзіўся. Гэты перыяд, быў самым складаным у маёй працоўнай дзейнасці: новы вялікі калектыў, зусім іншая спецыфіка работы.» Дапамог вырашаць пастаўленыя задачы вопыт, набыты на ранейшых пасадах.
Новы кіраўнік зрабіў стаўку на будаўніцтва. За сем з паловай гадоў райспажыўтаварыства сумесна з арганізацыямі і сельгаспрадпрыемствамі раёна пабудавала больш за трыццаць магазінаў, цэх безалкагольных напояў, адміністрацыйны будынак аўтабазы, арачнікі, склады.
Спецыялісты райсельгасхарчу, якія шмат гадоў працавалі з Прыстаўкам сцвярджаюць, што чалавек ён уважлівы да тых, хто побач, у справе ніколі не шкадаваў сіл. Да яго можна было звярнуцца з любым пытаннем і атрымаць вычарпальны кампетэнтны адказ, слушную параду, неабходную падказку.
На пытанне, ці засталіся ад работы светлыя ўспаміны, у вачах субяседніка адразу  загарэўся агеньчык: «Безумоўна, засталіся. Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і сельгасарганізацый працавалі дружна,  у адной звязцы.  Машынна-трактарны парк вялікі. Рамонт можа затармажвацца з-за недахопу фінансавых сродкаў на запчасткі,  кадраў, а галоўная задача раённай інжынернай службы не проста сачыць, а арганізаваць работу па рамонце тэхнікі.
Вельмі хутка праляцеў час, нават і не верыцца, што ўжо на пенсіі. Здаецца, што знаходжуся ў чарговым адпачынку і хутка зноў на работу, якая, хоць і патрабуе напружанага рытму, але і дае вялікі зарад энергіі».
Поспехі і няўдачы заўсёды з ім дзяліла жонка Тамара. Пазнаёміліся яны на вяселлі ў сябра. Дзяўчат было шмат, але Уладзімір выбраў менавіта яе. З таго часу вось ужо сорак год яны крочаць разам па жыцці.
Па прыкладзе бацькі  звязалі свой лёс з тэхнікай і сыны Уладзіміра Пятровіча. Абодва закончылі Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Малодшы ўладкаваўся майстрам на «Амкадор». Жыве з сям’ёй у Мінску. Старэйшы працуе ў Ціраспальскім агратэхсэрвісе, жыве ў Віцебску. Часта да бабулі і дзядулі ў госці прыязджаюць трое ўнукаў. Усю любоў і клопат, якія калісьці з-за занятасці не дадаў сваім дзецям, Уладзімір  Пятровіч пераносіць на ўнукаў.
У вольны час займаецца ўласным аўтамабілем. Праўда, гэта не шыкоўная іншамарка, а савецкія «Жыгулі». Камфорт у іх невялікі, затое Уладзімір Пятровіч упэўнены, што яго «лімузін» ніколі не падвядзе.
Маючы ўласны дом і на пенсіі клопатаў хапае. Як вядома, дбайны гаспадар заўсёды знойдзе занятак на свае рукі.

Ларыса МУКАМОЛАВА.
На здымку: Уладзімір ПРЫСТАЎКА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.