Самаўдасканаленне, творчасць — формула поспеху сенненскіх педагогаў

Загадам Міністэрства адукацыі начальнік аддзела адукацыі Сенненскага райвыканкама Людміла Аніськовіч узнагароджана знакам «Выдатнік адукацыі». Так адзначаны яе шматгадовая праца на ніве асветы, поспехі сістэмы адукацыі Сенненшчыны, якія засведчаны комплекснай праверкай, праведзенай восенню 2012 года спецыялістамі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і абласным інстытутам развіцця адукацыі. Як адзначана ў выніковым дакуменце, у раёне вядзецца мэтанакіраваная работа па стварэнні ўмоў для развіцця сістэмы адукацыі; аддзел і вучэбна-метадычны кабінет працуюць эфектыўна; прафесійны ўзровень педагогаў, спецыялістаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі пастаянна павышаецца. У 2013 годзе вопыт работы сенненскіх педагогаў будзе абагульнены. Ён рэкамендаваны для распаўсюджвання.

 Зразумела, пасля гэтага не сустрэцца з Людмілай Аніськовіч мы проста не маглі.

 — Прыміце самыя шчырыя віншаванні з такой высокай адзнакай вашай працы. У якасці педагога вы яшчэ працуеце, ці ўжо канчаткова перакваліфікаваліся ў чыноўніка? Дзе больш камфортна сябе адчувае Людміла Аніськовіч: за настаўніцкім сталом ці ў крэсле кіраўніка?

 — Дзякуй за добрыя словы. Але поспехі, якія мае сістэма адукацыі раёна, — гэта плён працы ўсіх педагогаў, выхавацеляў, кіраўнікоў устаноў адукацыі і супрацоўнікаў метадычнага кабінета. Асаблівая ўдзячнасць кіраўніцтву раённага выканаўчага камітэта. Раённы бюджэт датуецца, але школы, дашкольныя і пазашкольныя ўстановы ніколі фінансава не абдзяляліся. Вось і на наступны год сістэме адукацыі раёна выдаткавана больш 9 млрд рублёў, якія пойдуць на капітальны рамонт, на абнаўленне вучэбнай базы.

 Што да другой часткі пытання, то скажу так: я з настальгіяй успамінаю той час, калі на школьны ўрок прыходзіла ў якасці настаўніка.

Дазвольце пазнаёміць

 Аніськовіч Людміла Пятроўна. Нарадзілася ў Віцебску. У школе марыла аб медыцыне, але паступіла і скончыла з чырвоным  дыпломам фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педінстытута. Па размеркаванні прыехала ў Сянно, працавала настаўнікам у СШ № 1, метадыстам, інспектарам аддзела адукацыі, намеснікам начальніка, з 2007 года — начальнікам  РАА.

Адукацыйныя ўстановы Сенненшчыны

 У раёне працуе 29 устаноў адукацыі, дзе навучаюцца 2473 школьнікі і выхоўваюцца 758 дашкольнікаў.

 Дашкольнай адукацыяй ахоплена 87% дзяцей. У дзіцячых садах працуе 12 рознаўзроставых, 5 адаптацыйных груп, 8 мацярынскіх школ. Амаль усе дашкольнікі (95%) з чатырох гадоў займаюцца ў гуртках.

 У леташнім навучальным годзе 47,8 % школьнікаў мелі паспяховасць 6-10 балаў, у 2007-2008 навучальным годзе такая паспяховасць была ў 36,9% вучняў. 47% выпускнікоў сярэдняй школы паступаюць у ВНУ, у тым ліку 100 % медалістаў.

У аснове выхаваўча-адукацыйнага працэса — педагог, яго кваліфікацыя, адносіны да працы. Ці многа ў нашых школах маладых нас­таўнікаў? Чым яны адрозніваюцца ад старэйшых сваіх калег? Пытаюся, бо не сакрэт, што прэстыж прафесіі падае…

 — Кваліфікацыя спецыяліс­та — важнейшы складнік поспеху ў любой справе. У Сенненскім раёне першую і вышэйшую кваліфікацыю мае 73,9% педагогаў, што на 14, 2% больш, чым у 2008 годзе. Высокі ўзровень прафесіяналізму дасягаецца своечасовым праходжаннем курсавой перападрыхтоўкі, мэтанакіраванай метадычнай работай і самастойнай працай па самаўдасканаленні. Так што маладым педагогам, якія прыходзяць працаваць у раён, ёсць у каго вучыцца. Значная іх частка, 68 са 108, што былі размеркаваны ў раён за апошнія пяць гадоў пасля заканчэння навучальных устаноў, працуюць і зараз. Чым адрозніваюцца ад старэйшых калег? Як і ўся сучасная моладзь, хочуць больш увагі да сябе, безумоўнага выканання правоў, якія ім гарантуе заканадаўства. Маладыя педагогі хутчэй улаўліваюць новыя тэндэнцыі ў выхаваўчым працэсе. Так што раённую сістэму адукацыі ёсць каму развіваць. І яна дынамічна развіваецца.

 — Вы маеце на ўвазе вынікі праверкі?

 — Не толькі. Пра нашы пос­пехі сведчаць канкрэтныя факты. За пяць апошніх гадоў 30 выпускнікоў сярэдніх школ раёна былі ўзнагароджаны залатымі медалямі, чатыры — сярэбранымі. Усе яны паступілі ў ВНУ, 80% — на бюджэтную форму навучання.

  На базе СШ № 2 г. Сянно і № 1 Багушэўска працуюць міжшкольныя факультатывы, якія дазваляюць мэтанакіравана працаваць з матываванымі вучнямі. Факультатыўнымі заняткамі ахоплена 99% вучняў школ раёна.

  — Якія яшчэ захады прымаюцца, каб павысіць у раёне якасць адукацыі?

 — Адным з асноўных накірункаў работы з’яўляецца інфармацыйнае забеспячэнне. З 2009 года на базе школьных бібліятэк пачата работа па стварэнні медыятэк. Восем бібліятэк ужо маюць электронныя энцыклапедыі і даведнікі, метадычныя комплексы і праграмнае забеспячэнне. У той жа час трэба шчыра сказаць, што ўзровень забяспечанасці ўстаноў адукацыі электроннымі сродкамі навучання застаецца нізкім. Да прыкладу, інтэрактыўнай дошкі няма ні ў адной школе раёне.

 З 2011 года ў раёне вя­дзецца работа па стварэнні рэсурсных цэнтраў. Да пачатку сёлетняга навучальнага года яны запрацавалі амаль ва ўсіх школах раёна. Яны спецыялізуюцца як па накірунках, так і па вучэбных прадметах.

 — Педагогу даводзіцца  працаваць з вучнямі рознага ўзроўню падрыхтоўкі, рознай матывацыяй да ўдзелу ў навучальным працэсе. А цяпер, калі ў школе ўсё шырэй прымяняюцца інфармацыйныя тэхналогіі, настаўнікам трэба вучыцца пастаянна і самім…

 — І яны вучацца. Пазнаваўчы працэс становіцца больш дынамічным, таму без самаадукацыі ў школе нельга. У кожнай школе ёсць камп’ютары з магчымасцю  выхаду ў інтэрнэт. Колькасць дзяцей, школ скарачаецца. Нярэдка настаўнікам даводзіцца праходзіць перападрыхтоўку, набываць новую спецыяльнасць, каб не застацца без працы. Зараз у раёне вя­дзецца інтэнсіўная падрыхтоўка да правядзення працэдуры сертыфікацыі спецыялістаў сістэмы адукацыі як кваліфікаваных карыстальні­каў інфармацыйных тэхналогій. 100 педагогаў такія сертыфікаты ўжо атрымалі. Яшчэ адна вялікая група рыхтуецца да сертыфікацыйнага экзамена. Гэта дазволіць нашым настаўнікам больш поўна рэалізаваць свой патэнцыял, вучням — атрымліваць новыя веды, уменні, навыкі ў даступнай сучаснай форме.

 — Вопыт работы сістэмы адукацыі Сенненскага раёна рэкамендаваны для распаўсюджвання. Які канкрэтна? А як абагульняецца работа лепшых педагогаў у раёне?

 — У школах раёна, пачынаючы з 2007 года, зафіксавана 62 адзінкі абагуленага вопыту педагогаў, на раённым узроўні — 17. Працуе педагагічны клуб «Залаты колас», у які ўваходзяць фіналісты і пераможцы конкурсу «Настаўнік года». З удзелам педагогаў клуба праводзяцца выязныя семінары, у праграму якіх уваходзяць адкрытыя ўрокі, майстар-класы. Па выніках семінараў выдаюцца зборнікі сцэнарыяў, фотарэпартажы праведзеных урокаў, метадычныя матэрыялы ў дапамогу кіраўнікам і педагогам.

 Пашырылася сетка ўстаноў адукацыі, дзе рэалізуюцца творчыя праекты. У леташнім навучальным годзе рэалізоў­ваўся 21 праект рэспубліканскага, абласнога, раённага і школьнага ўзроўняў, у якім прынялі ўдзел 59% педагогаў раёна. Так што творчых асоб сярод педагогаў шмат. А творчасць — гэта паказчык прафесійных пошукаў і гарантыя поспеху.

 — Школьнікі Сеннен­шчыны вядомы сваімі дасягненнямі ў спорце…

 — Не маючы добрай матэрыяльнай базы для заняткаў фізкультурай, нам удавалася на працягу апошніх чатырох гадоў нязменна ўваходзіць у лік прызёраў на абласной спартакіядзе школьнікаў. Прычым тройчы, сёлета ў тым ліку, сенненскія школьнікі станавіліся пераможцамі. Нашы поспехі не засталіся без увагі. На абнаўленне матэрыяльнай базы, на набыццё спортінвентару з абласнога бюджэта выдаткавана 90 млн рублёў.

 — Ва ўстановах адукацыі шмат увагі надаецца арганізацыі заняткаў па інтарэсах, у гуртках. Тым не менш, у раёне не выключаны факты супрацьпраўных паводзін падлеткаў.

 — На жаль, гэта так. За 9 месяцаў 38 школьнікаў здзейснілі 45 правапарушэнняў і 5 злачынстваў. Мы працуем над вырашэннем гэтай праблемы. За апошнія гады прафілактычныя меры ўсё ж дазволілі зменшыць паказчыкі супраць­праўных паводзін дзяцей. Не застаюцца без увагі дзеці, якія трапілі ў сацыяльнанебяспечнае становішча,  сем’і, дзе яны жывуць. У выніку са 156 дзяцей, што былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, 74 вернуты ў біялагічныя сем’і, 28 бацькоў у адносінах да 33 дзяцей адноўлены ў бацькоўскіх правах. Не атрымліваецца аднавіць біялагічную сям’ю, шукаем для дзяцей іншыя варыянты для будучага паўнацэннага жыцця. Нашы педагогі ніколі не застаюцца  раўнадушнымі да лёсаў дзяцей. І гэта таксама надае аптымізму, веры ў тое, што сістэма адукацыі будзе развівацца на Сенненшчыне і далей.

 Карыстаючыся выпадкам, мне хацелася б выказаць словы ўдзячнасці за працу ўсім педагогам раёна, усім людзям, якія маюць дачыненне да сістэмы адукацыі. Павіншаваць іх са святамі: Калядамі і Новым годам. Хай шчасціць вам у жыцці, хай збываюцца вашы мары.

 — Дзякуй за размову.

Гутарыў Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.