На навагоднім карнавале ў Сенненскай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пабываў старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Цапота

Віктар Цапота на свята прыехаў з падарункамі. Ад імя раённай выканаўчай улады ён перадаў школе-інтэрнату лыжы і салодкія падарункі. Не забыліся на навагоднюю традыцыю і іншыя госці, якія сабраліся, без перабольшвання, з усяго свету і прадстаўлялі розныя дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі і ўстановы: ДВА «Белэнерга», РРБ-Банк, Сенненскае ДРБУ-146, абласную, Кастрычніцкую раённую г. Віцебска, Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта  РГА «Белая Русь», Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Да сенненскіх інтэрнатаўцаў на навагодні баль завітала нават група валанцёраў з ЗША. Яны прадстаўлялі арганізацыю «Рука ў руцэ». Дарэчы, большасць гасцей — даўнія сябры інтэрната, аказваюць дапамогу ўстанове адукацыі не толькі да святаў. І не толькі школе-інтэрнату. Алена Наркевіч, намеснік начальніка ўпраўлення маркетынгу і кліентынгавага сэрвісу РРБ-Банка перад тым як прыехаць у школу-інтэрнат пабывала ў Сенненскім сацыяльна-педагагічным цэнтры, дзе таксама пакінула падарункі.

 Перш чым запрасіць гасцей да святочнай ёлкі, адміністрацыя школы-інтэрната наладзіла экскурсію. Фактычна гэта была своеасаблівая справаздача аб рабоце педагогаў і дзяцей, як і сам навагодні карнавал. Яго сцэнарый, ролі і касцюмы для навагодніх герояў былі падрыхтаваны выхаванцамі інтэрната. У выніку ў галоўным свяце года ўдзел прынялі фактычна ўсе інтэрнатаўцы. І трэба было бачыць, як яны ігралі, як уразілі сваімі талентамі гасцей. Дарэчы, сярод іх былі і родныя выхаванцаў інтэрната. Яны не хавалі ўдзячных слёз.

 Выступаючы перад прысутнымі Віктар Цапота нагадаў, што дзяржава і ўлады клопат пра дзяцей бачаць не толькі ў падарунках да Новага года. Галоўнае, дапамагчы маладому пакаленню вырасці патрыётамі сваёй Радзімы, навучыць сумленна працаваць.

 Мелі магчымасць звярнуцца напярэдадні Новага года да інтэрнатаўцаў і іншыя госці. Усе яны абяцалі дапамогу і ў будучым. І ўсе атрымалі падарункі ад дзяцей. Такі ў нас добры сямейны звычай.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 У той жа дзень у раённым Доме культуры прайшоў яшчэ адзін дабрачынны ранішнік —  для дзяцей са шматдзетных сем’яў і дзяцей, якія заявілі пра сябе сваімі талентамі ў творчасці, спорце, вучобе. Так на Сенненшчыне завяршылася агульнадзяржаўная дабрачынная акцыя «Нашы дзеці».