Вуснамі сенненскіх дзетак
У касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі да двухгадовай дзяўчынкі прыйшлі сваякі. Пасля віншаванняў, уручэнняў падарункаў госці развіталіся. Маці было цікава, ці пазнала іх дачушка.
— Хто да нас прыходзіў?
— Хто-хто? Цёця Марына і Дзед Мароз!
Правёў урок
У чарзе ў школьнай сталовай дзве настаўніцы размаўлялі паміж сабой. Першакласніку, які стаяў за імі, надакучыла іх слухаць.
— Цёценькі, вы размаўляць сюды прыйшлі альбо купляць?
— Мы пра работу, — апраўдваліся тыя.
— Няважна! Калі вы нічога не будзеце браць, тады прапусціце мяне — хутка перапынак скончыцца, і я не паспею купіць сабе піражок.
Хутчэй дадому
Падчас ранішніка ў садку дзеці запрасілі сваіх бацькоў:
— Мамачка, пойдзем адсюль дадому, — папрасілася праз некаторы час дзяўчынка, — толькі зойдзем у групу і забяром мой пакецік з абаранкамі.
— А як жа свята?
— Яны без мяне справяцца.
Не трэба хваляваць
— Мама, я уключу бабулі камп’ютар, — просіць маленькі хлопчык.
— Ты ж не ўмееш.
— Я паспрабую, можа атрымаецца. Бабуля вельмі хоча мульцік паглядзець пра Машачку. Уляглася на канапе і чакае.
Навучуся, толькі потым
— Тата, апрані мне какалюш, я пайду на вуліцу, — папрасіў Антон.
— Правільна трэба гаварыць не какалюш, а капялюш, — паправіў бацька.
— У мяне так не атрымліваецца.
— А ты імкніся.
— Добра, на вуліцу схаджу, а потым буду імкнуцца.
«Цудоўны» падарунак
Пасля свята ў дзіцячым садку:
— Якую ты мне прыгожую кветачку зрабіла! Дзякуй, дачушка!
— Калі ласка, мама. Толькі гэта не я, гэта Наталля Міхайлаўна ўсім матулям рабіла.
У сталіцу і назад
Маленькі хлопчык, які прыехаў да бабулі са сталіцы, папрасіўся ў туалет. Адзін гаршчок яму далі — не тое, другі — зноў не тое. Са слязамі на вачах хлопчык падышоў да маці: «Мама, завязі мяне дадому ў тулает. Мы хуценька — туды і назад.»
Падслухала Ала ЯКАЎЛЕВА.
Таксама ў першым нумары гэтага года дзіцячай старонкі «Галасок» («Голас Сенненшчыны» за 5 студзеня 2013 года №1) вы знойдзеце цікавыя гульні, загадкі, вершы.