Чалавек Зямлі

25 гадоў рупіцца механізатарам ва УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» Мікалай Рачонак, не цураецца ніякай сельскагаспадарчай працы, бо разумее яе важнасць.

— Працаваць на зямлі нялёгка, але пачэсна, тым больш, што  яна — родная, — крыху з філасофскім пад­тэкстам разважае Мікалай Рачонак.

 Нарадзіўся і вырас Мікалай Мікалаевіч у Відоках. Вёска з дзяцінства прывучыла да сялянскай працы. Кіраўніцтва гаспадаркі дбайным механізатарам задаволена. Калі ён узяўся за справу, належным чынам давядзе да канца. Адказнасць, самаадданасць гэтага чалавека ў працы выклікае павагу. Нездарма ў мінулым годзе яго партрэт быў змешчаны на раённай Дошцы гонару.

 Рабіць усё  сумленна — жыццёвае крэда Рачонка. У напружаны жніўны час, яго рабочы дзень пачынаецца на досвітку: трэба праверыць камбайн, упэўніцца ў яго гатоўнасці, змазаць і пачысціць вузлы і агрэгаты… Сёлета падчас уборачных работ на старэнькім КЗР-10 ён намалаціў  612 тон збожжа з  агульнай колькасці  сабранага ў гаспадарцы ўраджаю  — 7 тыс.тон. А ў перыяд корманарыхтоўкі скасіў больш 300 гектараў траў.

 За гады працы добра асвоіў розныя віды тэхнікі. З цеплынёй успамінае свой першы  МТЗ-80, які на два гады быў старэйшым за Мікалая. Давялося папрацаваць і на такіх тыпах трактароў як Т-150, МТЗ-1221,  цяпер робіць на энерганасычаным Беларус-1523.

 У гэтыя дні Мікалай  заняты на ворыве зябліва. Засталося зрабіць, як кажуць,  «апошні палявы рывок», а далей — зіма. Хаця, для механізатара і яна бу­дзе напружанай — рамонт тэхнікі.

 Лёс Мікалая Рачонка мог скласціся інакш. Тэрміновую службу ў арміі праходзіў у Закаўказзі. Была магчымасць там і застацца, аднак цягнула да бацькоў, на ра­дзіму. І ў сваіх памкненнях Мікалай не памыліўся. Жыццё склалася добра: побач каханая жонка, любячыя дзеці. І ўся гэта сямейная ідылія ва ўласным доме. Моцная сям’я, добры заробак, павага ў калектыве — а што яшчэ трэба чалавеку ад зямлі?

Ала ЯКАЎЛЕВА.