З “прызыву” Бельскага… З яго рэдактарскага “благаславення” пабачылі свет творы многіх беларускіх літаратараў і журналістаў

  Аб кожным этапе   жыццёвага шляху   заслужанага работніка  культуры Беларусі, кавалера ордэнаў  Чырвонай Зоркі і Вялікай Айчыннай вайны ІІ  ступені, шматлікіх іншых узнагарод   Пятра Васільевіча  Бельскага можна  гаварыць шмат . Мне асабліва добра помніцца той час, калі Пётр Васільевіч працаваў рэдактарам нашай газеты  «Ленінская іскра» — так яна тады называлася. І адзін аспект яго дзейнасці —  адносіны да   моладзі: беражлівыя, клапатлівыя,  шчырыя, што ішлі  ад сэрца, а не ад пасады. Ён заўсёды імкнуўся дапамагчы журналісту-пачаткоўцу, калі трэба, падказаць, павучыць, але далікатна, без націску і маралізатарства. І  за сценамі рэдакцыі ніколі не праходзіў міма чалавека, як ён сам гаварыў, «з жывой іскрай ад прыроды».

 Сёння, з вышыні пражытых гадоў, я магу зрабіць нейкія вывады і супастаўленні  і скажу, што » эра» Бельскага ў газеце была «залатой». У сэнсе кадраў, якія, як вядома, вырашаюць усё. А для  любой газеты гэты лозунг  асабліва актуальны. 

  У той час у рэдакцыю, пасля заканчэння  Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І.Леніна,  прыйшла   працаваць Ала Панкратава,  у далейшым таленавітая журналістка і паэтэса, я б назвала  яе Яўгеніяй  Янішчыц віцебскага краю. Заўсёды прыцягвалі  і прыцягваюць увагу чытачоў матэрыялы  за подпісам  таксама выпускні­цы БДУ імя У.І.Леніна Люды Зябко (цяпер Працэнка). Журналістаў такога  ўзроўню, як Зябко і Панкратава, па ўсёй вобласці можна было пералічыць на пальцах адной рукі.

  Віктар Пагарэльскі …   Хто ведае, складзіся па-іншаму яго жыццёвы шлях,  ужо пасля Бельскага, мелі  б  мы сёння «свайго»   пісьменніка ў беларускай літаратуры.

  Крыху раней, зноў жа па запрашэнні Бельскага, у рэдакцыю  прыйшоў працаваць Мікола Воранаў,  таксама  таленавіты журналіст,  аўтар некалькіх кніг.

 І яшчэ адно імя  — бадай, апошняе  з «прызыву»  Бельскага  — Іван Лазука:  журналіст, паэт, аўтар шматлікіх вершаў аб родным краі, шэрагу матэрыялаў  у кнізе  «Памяць. Сенненскі раён»,  рэдактар сенненскай, а потым докшыцкай раённых газет.

  Бельскі заўсёды ганарыўся тым, што першыя свае радкі вядомыя  журналісты і літаратары Генадзь Бураўкін  (у будучым — старшыня Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па  тэлебачанні  і радыёвяшчанні, вядучы паэт Беларусі)  і   Мікола Матукоўскі (вядомы  беларускі драматург)  надрукавалі  менавіта ў раённай  газеце,  у той час, калі  Пётр Ва­сільевіч  працаваў рэдактарам  у Расонах.

  Ён быў тым магнітам, які  прыцягваў да сябе  «залатыя пёры». Узнікае заканамернае пытанне: якім  жа ў такім выпадку  трэба  быць самому, каб  зацікавіць гэтае самае «залатое пяро»?  Адказ  у данай  сітуацыі выні­кае  адзін: такім, якім быў  Бельскі. Вось  што  пісаў аб сваім прыходзе ў сенненскую рэдакцыю Уладзімір Скапа — выдатны журналіст, нарысіст, аўтар і сааўтар кніг па гісторыі  Віцебшчыны, у будучым рэдактар абласной газеты  «Віцебскі рабочы»:

 «Не магу не ўспомніць майскі падвячорак 59-га года, калі ў студэнцкім інтэрнаце мяне адшукаў высокі стройны  мужчына, яшчэ маладжавы, але ўжо з сівізною на валасах.

 — Ідзём да фінішу? — спытаў ён густым баском. — І дзе думаеш працаваць?

 — Накіраванне ў нашу вобласць.

 — Вось і добра. Прыязджай у Сянно, на радзіму.  Ёсць вакансія адказнага сакратара. З сектарам друку  ўсё  дамоўлена.

 Прапанова Бельскага трохі збянтэжыла: чалавек бачыў мяне ўпершыню, смела прапанаваў зялёнаму выпускніку пасаду адказнага сакратара і ўжо дамовіўся аб гэтым у абкоме партыі.

 Пазней усё стала зразумела. Пётр Васільевіч заўсёды рабіў стаўку  на маладых, давяраў ім і, самае галоўнае, цярпліва і настойліва вучыў іх. Гэтага правіла ён прытрымліваецца і цяпер. Можна прывесці дзясяткі прыкладаў, калі маладому чалавеку Бельскі ўдзяляў столькі ўвагі, колькі  той нават не заслугоўваў». («Віцебскі рабочы», №183 за 22 верасня 1979 г.) 

  Заслугоўваў ці не заслугоў­ваў — пытанне спрэчнае. Думаю, па-іншаму проста не магло быць. Як ніхто іншы, Бельскі разумеў, што талент,  як той алмаз, патрабуе адпаведнага  абыходжання. Калі трапіць  у рукі добрага юве­ліра, зайграе новымі фарбамі,  адкрые  нябачныя  раней грані.  Таму і ўдзяляў  маладым людзям столькі ўвагі, па максімуму, дапамагаючы зразумець чалавеку, хто ён ёсць у гэтым свеце.

  Пётр Васільевіч пражыў багатае, цікавае, поўнае драматызму жыццё: вучыўся, ваяваў, працаваў. Вайна — асобная старонка яго біяграфіі, зварот да якой  кожны раз быў  нясцерпна  балючым .

 … Вясной 1942 года з падпольных груп, што дзейнічалі на Расоншчыне, пачалі  ўтварацца партызанскія атрады. З ліку партызан, якія  мелі ваенную падрыхтоўку,  райкам партыі падбіраў людзей на камандныя пасады. Начальнікам штаба аднаго з батальёнаў, у які ўваходзілі тры атрады, быў прызначаны Бельскі,  які з  кастрычніка  1937  па чэрвень 1941 года быў курсантам Сухумскага пяхотнага  вучылішча. «Таленавіты камандзір, адважны партызан»,  — такая характарыстыка, дадзеная Пятру Васільевічу пасля злучэння брыгады з часцямі Чырвонай Арміі, скупа, але ёміста дае ўяўленне аб тым, як ваяваў з гітлераўскімі акупантамі  Бельскі.

 Вогненным смерчам пранеслася вайна  па Беларусі.  На радзіме Бельскага, у Расонскім раёне, фашысты спалілі амаль усе вёскі, загінулі тысячы людзей. У час карнай экспедыцыі немцы расстралялі бацьку, маці, брата і сястру  Бельскага. За тое, што  іх сын і брат быў партызанскім каман­дзірам.

  Усе пасляваенныя  гады  былі  накіраваны  на стварэнне. Як чалавек,  пабачыўшы  і перажыўшы шмат гора,  ён  асабліва  любіў жыццё, любіў лю­дзей, цаніў кожнае пражытае імгненне і імкнуўся да таго, каб кожны наступны дзень быў лепшы за папярэдні.

  … Пэўна, не  ўсе з маладых журналістаў, працуючых сёння ў газеце, ведаюць, што  будынак рэдакцыі раённай газеты пабудаваны па ініцыятыве  і пры самым непасрэдным удзеле Пятра Васільевіча. Калісьці рэдакцыя месцілася ў прыстасаваным памяшканні  былой турмы, будынак якой знаходзіўся на месцы цяперашняга райвыканкама. Кабінеты былі цесныя, сырыя. І колькі не паліла ў грубках  рэдакцыйная пры­біральшчыца Марыя Пятроўна Альхіменка, усё цяпло  ўхо­дзіла ў паўтарамятровыя турэмныя сцены.  На адной з планёрак Пётр Васільевіч сказаў: «Будзем будавацца!»,  узваліў­шы тым самым на сябе дадатковы, будаўнічы, груз.  Ён сам выбраў месца  для рэдакцыі — каб было ціха і спакойна, каб працавалася творча. Фінансавае пытанне і тады стаяла востра, так што давялося  Бельскаму  шмат пахадзіць па  «высокіх»  і не вельмі  кабінетах, па арга­нізацыях, самому разам з калектывам папрацаваць на суботніках. Стараліся ўсе — для сябе рабілі! І ў 1972 годзе справілі наваселле…

  Вось ужо 15 гадоў няма з намі Пятра Васільевіча. Але ён жыве  — на старонках газеты, у памяці вучняў, калег і ўсіх, хто яго ведаў. У  будынку рэдакцыі, дзе, як і пры Бельскім, журналісты пішуць гісторыю  раёна, гісторыю нашага жыцця.

Вольга Сапяжынская.