Добры настрой ад старэйшын
«Прыязджайце да нас на пасядзелкі», — патэлефанавала аднойчы ў рэдакцыю Галіна Рабцава. Як высветлілася, жыхарка Багушэўска часта наведвае клуб, што ў в.Рыбнае.
Што ў Рыбным праходзяць цікавыя культурна-масавыя мерапрыемствы, неаднаразова даводзілася чуць. Таму, падчас чарговай камандзіроўкі, мы проста не маглі не завітаць у Рыбненскі сельскі клуб.
Па словах Галіны Рабцавай, вялікая заслуга ў арганізацыі адпачынку тутэйшых людзей належыць Надзеі Лядновіч, загадчыцы клуба. Пра такіх як яна кажуць: «Гарыць на працы». Душой і сэрцам прыкіпела да любімай справы жанчына: праводзіць тэматычныя «агеньчыкі», вечарыны, сустрэчы. Пры клубе створана фальклорная група, куды ўвайшлі жанчыны рознага ўзросту, якіх аб’ядноўвае любоў да народнай песні. Самадзейныя артысты даюць канцэрты ў маленькіх, аддаленых вёсачках. Яны ўзнімаюць настрой і зараджаюць працоўнай энергіяй механізатараў падчас вясенне-палявых работ, іншых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Надзея Пятроўна памятае і пра тых людзей, якім па стане здароўя складана прыходзіць у сельскі клуб. Да іх артысты наведваюцца прама дадому.
Вялікую дапамогу ў працы Надзеі Лядновіч аказваюць Ганна Янукова, старэйшына вёскі Заветнае, якая з’яўляецца актыўнай удзельніцай фальклорнай групы, а таксама Аляксандр Шумараў. Мужчына не толькі акампаніятар, але на сваім асабістым транспарце, пры неабходнасці, адвязе жанчын у якую-небудзь вёску на чарговы канцэрт. «Нам няма часу думаць пра старасць: рэпетыцыі, канцэрты, сустрэчы з вяскоўцамі… А чым яшчэ заняцца на пенсіі?» — адзначыла пры сустрэчы Ганна Янукова.
Дарэчы, летам прайшло свята вёскі Заветнае, арганізаванае Надзеяй Пятроўнай. Па словах тых, каму давялося патрапіць на мерапрыемства, сцэнарый быў складзены так, што добрым словам не абмінулі ніводнага жыхара вёскі. Шмат песень, вершаў, гумарэсак прагучалі ў гэты дзень. Не абышлося і без гасцей, сярод якіх былі Максім Рабцаў, былы старшыня Багушэўскага сельскага Савета, Юрый Казлоў, участковы ўрач-тэрапеўт. На канцэрт завіталі і жыхары суседніх вёсак.
Надзея Пятроўна карыстаецца павагай і любоўю ў вяскоўцаў, аўтарытэтам. Нездарма давяраюць ёй людзі, бо апроч культурна-масавай работы жанчына сочыць і за грамадскім жыццём вёскі: з’яўляецца старэйшынай Рыбнага.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Ганна ЯНУКОВА і Надзея ЛЯДНОВІЧ.