Сярод пераможцаў знаёмыя твары і новыя асобы

  На пярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў раённым Доме культуры прайшоў урачысты сход. На яго былі запрошаны кіраўнікі і спецыялісты сельгасарга­нізацый, перапрацоўчых прадпрыемстваў, ветэраны сельгасвытворчасці, перадавікі, якія сёлета ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё галіны, а таксама прадстаўнікі раённых устаноў, што актыўна дапамагалі вяскоўцам у правя­дзенні масавых палявых работ.

Перад прысутнымі выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Хірэвіч. Ён гаварыў не толькі пра дасягненні аграрнікаў. Значная частка была прысвечана аналізу праблем, прычын, што замінаюць больш эфектыўна працаваць на зямлі, атрымліваць больш і з меншымі затратамі малака і мяса.

  Да прафесійнага свята вяскоўцаў і перапрацоў­шчыкаў па традыцыі, падводзяцца вынікі раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў і прадстаўні­коў прафесій. У сувязі з гэтым прымаецца рашэнне раённага выканаўчага камітэта, згодна з якім лепшыя гаспадаркі, фермы, жывёлаводы, механізатары атрымліваюць Ганаровыя граматы райвыканкама, грашовыя прэ­міі, падарункі. Цырымонію ўручэння на галоўнай сцэне раёна правёў старшыня райвыканкама Віктар Цапота.

 За самыя высокія паказчыкі і нарошчванне валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі ўзнагароды ўручаны ПП «Дружбінец», ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», ААТ «Сту­дзёнка», сялянскай фермерскай гаспадаркі «АВіК». У вытворчасці зерня першае месца прысуджана Віцебскай вопытнай меліярацыйнай станцыі, другое — райаграсэрвісу, трэцяе — не прысуджалася. У разлік прымаўся не толькі выхад зерня на 1 балагектараў. Улічвалася выкананне дзяржзаказу, засыпка насення пад ураджай наступнага года. ВДМС і райаграсэрвіс занялі адпаведна першае і другое месца і ў вытворчасці масланасення рапсу. Трэцяе месца ў гэтай намінацыі прысуджана ААТ «Белая Ліпа».

 Сціплыя вынікі і ў вытворцаў прадукцыі жывёлагадоўлі. У вытворчасці мяса сёлета не адзначана ўзнагародамі ні адна гаспадарка. Павялічылі валавую вытворчасць малака, справіліся з іншымі ўмовамі спаборніцтва толькі жывёлаводы ПП «Дружбінец». Прадпрыемству прысуджана першае месца, другое і трэцяе — не прысуджаліся. Пераможцамі сярод калектываў жывёлаводчых ферм з прысуджэннем першага месца стала МТФ «Забор’е» ПП «Дружбінец». На ферме надаілі 1138 тон малака, надой на карову склаў 5375 кілаграмаў пры таварнасці 92%. 70% прадукцыі рэалізавана гатункам «экстра», 30 %  — вышэйшым.  Другое месца ў гэтай намінацыі за калектывам МТФ «Перакопава» ДП «Саўгас імя Машэрава». Трэцяе месца не прысуджалася.

 Адзін за другім уздымаюцца на сцэну кіраўнікі прад­прыемстваў, арганізацый, якія на працягу года актыўна дапамагалі вытворцам сельгаспрадукцыі, лепшыя спецыялісты АПК, механізатары, жывёлаводы, прад­стаўнікі іншых прафесій і спецыяльнасцей. Многія ў ролі пераможцаў спаборніцтва адчуваюць сябе звыкла: жывёлаводы Марыя Грыбкова, Юрый Самадуроўскі, Валянціна Скварцова, механізатары Аляксей Гарбачоў, Ігар Рукаль, Васіль Бірулін, Валерый Петухоў, Алег Андрэеў — гэты пералік можна працягваць. Але ёсць сярод пераможцаў раённага спаборніцтва і новыя асобы, што асаблі­ва прыемна. Напрыклад, Сяргей Прыстаўка, аператар па выро­шчванні буйной рагатай жывёлы саўгаса імя Машэрава.

 Пра свята вяскоўцаў не забыўся прафсаюз работнікаў АПК. Ганаровыя граматы ад імя рэспубліканскага прафесіянальнага саюза і  абкама Уладзіміру Багданоўскаму, дырэктару ААТ «Ульянавічы», Пятру Дзернушкову, прарабу УП «Сенненская ПМС», Наталлі Купрэенка, галоўнаму бухгалтару і старшыні прафкама ААТ «Студзёнка» ўручыў кіраўнік РК прафсаюза работнікаў АПК Леанід Кучынскі.

  Завяршыўся вечар святочным канцэртам.   Работнікі культуры і калектывы мастацкай сама­дзей­насці ўстаноў адукацыі раёна парадавалі  сваёй творчасцю вяскоўцаў і ўсіх прысутных у зале.

 Л.Іўеў.

 НА ЗДЫМКАХ: віншаванні кіраўнікам гаспадарак, дзе высокія вытворчыя паказчыкі, ад старшыні райвыканкама Віктара Цапоты; кветкі ветэранам сельскай гаспадаркі.