Сенненскія вучні патрапілі на ўрок да «Яшчура»

Такога прадмета ў сваім вучэбным раскладзе сямікласнікі сенненскай сярэдняй школы №1 імя З.І. Азгура яўна не чакалі. Замест класа — музейная зала, настаўнікі — удзельнікі фальклорнага гурту Багушэўскага гарпасялковага дома культуры «Макавея». Менавіта яны, па ініцыятыве раённага гісторыка-краязнаўчага музея, узялі на сябе абавязак навучыць падрастаючае пакаленне народным традыцыям святкавання беларускіх каляд.

Выставачная зала напоўнілася гучным спевам калядак ды шчадровак. Паміж выкананнем аўтэнтычных песен кіраўнік калектыву Паліна Пядачкіна распавядала прысутным пра асаблівасці абрадавага дзейства. Ці не кожны дзень калядаў меў сваё асаблівае значэнне і прадпісваў гаспадарам што і калі рабіць. Першы святочны тыдзень прызначаўся для ўхвалення Бога і Сына яго, Ісуса Хрыста, пасля Шчадраца наступаў час вясёлых народных гулянняў. Вяскоўцы хадзілі адзін да аднаго ў госці, ладзілі гульбішчы, віталі калядоўшчыкаў. Да слова, з сабой «Макавея» таксама прывезла калядных персанажаў  — Мядзведзя і  Казу. Іх ролю выконвалі старшакласнікі багушэўскай сярэдняй школы №2 Раман Прыстаўка і Раман Мамчур.

 Нягледзячы на агульнанацыянальныя традыцыі ў святкаванні калядаў, у кожным рэгіёне Беларусі знойдзецца нямала адмысловых, уласцівых выключна гэтай мясцовасці абрадаў. Хто не чуў пра абрады «Калядныя цары», што праводзіцца ў вёсцы Семежава  Капыльскага раёна Мінскай вобласці, ці «Жаніцьба Цярэшкі» (Лепельшчына). Абодва па праве ўвайшлі ў  Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Аднак і на Сенненшчыне ёсць тое, чаго не знойдзеш больш анідзе.

 Пра абрад «Ваявода» Паліна Пядачкіна ведае ад сваёй маці. Сутнасць яго ў тым, што  ў вёсцы выбіралі найбольш паважанага жыхара — «ваяводу». На суд да яго выклікалі правінаваціўшыхся ў мінулым годзе: аматараў гарэлкі, дэбашыраў, нядбайных гаспадароў. Потым усёй грамадой пад старшынствам «ваяводы» выгаворвалі «падсуднаму», маглі і своеасаблівае пакаранне прызначыць.

 Праўда, прысутным школьнікам часовыя настаўнікі дрэнныя паводзіны  (калі такія і ёсць) не сталі ўзгадваць. А вось у калядных гульнях падлеткі прынялі непасрэдны ўдзел. Старадаўнія забавы смела можна пераймаць і ў наша 21 стагоддзе. Той жа «Яшчур» нагадвае прынцып гульні ў «фанты». Праўда, падтэкст у ім куды глыбейшы. Падчас жартоўнай, на першы погляд, гульні хлопцы выбіралі сабе будучых нявест.

  Пакуль дзяўчаты вадзілі вакол «Яшчура» карагоды, апошні «плюшча вочкі» выбіраў «вяночак» — якую-небудзь рэч, што належыць дзяўчыне. Каб вярнуць сабе цнатлівасць (а менавіта гэта азначаў «вяночак»), выбранніцы трэба было альбо пацалаваць «Яшчура» (калі хлопец прыйшоўся даспадобы), альбо зрабіць тое, што ён загадае, альбо адкупіцца добрым пачастункам, узгадаўшы пры гэтым, што «бацька вала забіў!». Як не дзіўна, але сучасныя дзяўчаты аказаліся сарамлівымі: на пацалунак (зразумела, у шчочку) ніхто не рашыўся, пераважна прыкрываліся танцамі ды «валом».

 Для гульні ў «Цот ці лішку» многа не трэба. У якасці прадмета хопіць жмені арэхаў, а гуляць, між іншым, можна бясконца.   Абодва  гульцы павін­ны ўгадаць колькасць арэхаў, змешчаных у кулаку саперніка. Не здагадаўся — аддавай замоўленыя лічбай арэхі. Прайграваў той, у каго першым заканчваліся арэхі.

 Напэўна, ні да аднога школьнага прадмету дзяўчаты не адносіліся з такой зацікаўленасцю, як да майс­тар-класу па каляднай варажбе, які правялі для іх удзельніцы «Макавеі». Ці­каўныя вочкі засяроджана ўглядаліся ў абрысы воску: якую будучыню прадкажа ім васковая клякса? Як належаць, усе прысутныя пакаштавалі шчодрай куцці (сапраўднай пшанічнай, запраўленай мёдам ды рознымі іншымі салодкімі прысмакамі). А для замацавання абрадаў патанчылі з Казой ды Мядзведзем  — як кажуць, на шчасце.

 Падобныя музейныя ўрокі, адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, якая таксама прысутнічала на мерапрыемстве, дапамагаюць захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне культурную спадчыну. У Год беражлівасці гэта тэма гучыць асабліва актуальна. Бо не толькі матэрыяльныя рэсурсы павінны мы берагчы, але і духоўнае багацце нацыі, якое зас­талося нам ад продкаў і сёння ўзбагачаецца вось такімі калектывамі з народу як «Макавея».

Вольга БАНДАРЭВІЧ.