Чым жывеш, сельсавет? У Багданаўскім сельсавеце Сенненскага раёна клапоцяцца пра зямлю і людзей

Візітоўка

 Агульная плошча Багданаўскага сельсавета складае 24,8 тысяч гектараў.

 На тэрыторыі размешчаны тры сельгаспрадпрыемствы — ВДМС, ААТ «Ульянавічы» і ААТ «Сенненскі райаграсервіс», 36 вёсак.

 З 1717 жыхароў 918 — працаздольнага ўзросту. Большасць з іх працуе ў вышэйпазначаных сельгасгаспадарках.

 На 1 ліпеня 2012 года ў сельсавеце налічвалася 767 індывідуальных гаспадарак, дачных участкаў — 118.

«Не толькі ведаць праблемы вяскоўцаў, але і вырашаць іх» — менавіта такое працоўнае крэда заяўляе старшыня Багданаўскага сельскага Савета Віктар Мурашкевіч. На пасадзе Віктар Сямёнавіч дзевяты год, таму добра ведае, чым жыве літаральна кожная сям’я, з якімі праблемамі сутыкаецца насельніцтва той ці іншай вёскі. «На тое мы і працуем, каб дапамагаць людзям, — гаворыць Віктар Сямёнавіч. — Зразумела, не ўсе пытанні можна вырашыць адразу. Бываюць выпадкі, калі на гэта патрэбны час. Добра, калі вяскоўцы гэта разумеюць».

 На асобым кантролі ў старшыні сёння знаходзіцца праблема жыхароў вёскі Вялікі Азярэцк. З-за частага выхаду са строю глыбіннай помпы сяльчане застаюцца без вады. Часовае выйсце было знойдзена: па загаду Уладзіміра Багданоўскага, дырэктара ААТ «Ульянавічы», падчас аварыі ваду ў населены пункт прывозіць малакавоз.

 — На жаль, не ўсе вяскоўцы  з паразуменнем адносяцца да нашай працы, — гаворыць Віктар Сямёнавіч. — Некаторым здаецца, што ўлада завінаваціла ім у плане вырашэння бытавых сітуацый. Скажам, абавязана рамантаваць плот ці пакасіць пустазелле побач з іх  домам. З-за недахопу фінансаў, немагчыма ахапіць усе праблемы добраўпарадкавання. У лепшым выпадку што мы можам у належным стане трымаць цэнтральныя дарогі, вуліцы. Улічваючы наяўныя сродкі, у канцы ліпеня падрамантавалі дарогі ў населеных пунктах Свабодная, Пожанькі, Дольдзева, затраціўшы 21 млн рублёў.

 І ўсё ж у сельсавеце шмат людзей, якія актыўна ўдзельнічаюць у работах па навядзенні парадку, што сведчыць аб самасвядомасці грамадзян і працы  сельвыканкама сярод насельніцтва. Па просьбе старшыні падчас добраўпарадкавання могілак у Вялікім Азярэцку сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але прыехалі нават іншагароднія, чые родныя пахаваны на гэтай зямлі. Сяльчане з в.Поўзікі, Канева заўсёды самі прапаноўваюць сваю дапамогу. Клапоцяцца аб парадку і дачнікі.

 У Віктара Сямёнавіча распрацавана свая методыка працы з насельніцтвам. Акрамя ўстаноўленых дзён прыёму, старшыня практыкуе правядзенне сходаў грамадзян у вёсках у час прыезду аўталаўкі. На такіх сустрэчах можна даведацца не толькі пра  праблемы вяскоўцаў таго ці іншага населенага пункта, для старшыні гэта добрая магчымасць асабіста пракантраляваць асартымент, што прывозяць з райцэнтра.

 На тэрыторыі сельсавета жывуць 8 удзельнікаў і адзін інвалід Вялікай Айчыннай вайны,   22 адзінокіх састарэлых грамадзян. Нарыхтоўка паліва на зіму, апрацоўка  іх прысядзібных ўчасткаў, аказанне медыцынскай дапамогі і г.д. — таксама ў полі зроку адміністрацыі сельскага Савета. 

На Багданаўскай зямлі

Работнікі сельскага Савета, адміністрацыі школ, праваахоўныя органы з мэтай аказання прававой дапамогі і азнаямлення з бытавымі ўмовамі рэгулярна наведваюць сем’і, што знаходзяцца ў сацыяльна  небяспечнай сітуацыі. Такіх у сельсавеце пражывае 5, дзе выхоўваюцца 7 дзетак. Разам з тым, ёсць 9 прыёмных сем’яў, якія ўзялі  на выхаванне 16 дзяцей. Акрамя таго, на тэрыторыі сельсавета жывуць 4 шматдзетныя і 23 няпоўныя сям’і.

 У рамках прэзідэнцкай праграмы адраджэння вёскі ў 2010 годзе ў аграгарадку Багданава ўзведзена 10 утульных дамоў. У 8 з іх жывуць маладыя сем’і — працаўнікі мясцовых сельгаспрадпрыемстваў.

 Сям’я Гарнакоў —  не ўяўляе сваё жыццё ў горадзе. Абое выраслі на багданаўскай зямлі і шукаць лепшага па-за яе межамі нават не думаюць. Барыс працуе механізатарам у ВДМС. Рэгіна цяпер у водпуску па догляду дзіцяці. Сям’я на добрым рахунку ў дырэктара прадпрыемства Уладзіміра Кучко.

 Трымае вялікую гаспадарку маладая сям’я Косавых. Сяргей  працуе аператарам-машыністам сушыльных установак у ВДМС, Марына — аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы ў ААТ «Сенненскі райаграсервіс». Яны добра спраўляюцца са сваёй асноўнай працай і паспяваюць па доме, а самае галоўнае — належным чынам выхоўваюць дзяцей. А іх у Косавых трое.

 Станоўчым фактам для сельсавета стала паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. У 2010 годзе было зарэгістравана 13 шлюбаў, нарадзілася 12 дзетак, у 2011-м — 14 шлюбаў, 14 малышоў.

Старэйшыны – лепшыя памочнікі

Выканкам сельскага Савета дэпутатаў з’яўляецца самым набліжаным да людзей органам выканаўчай улады.

 А вось старэйшыны вёсак — самыя галоўныя памочнікі і дарадцы ўлады. На гэтую грамадскую пасаду выбіраюць найбольш аўтарытэтных, дзеяздольных: старэйшына і адначасова дэпутат сельскага Савета Валянціна Міцкевіч — в.Пожанькі; старэйшына в.Лук’янава, Канева, Галоўск — Наталля Стайнова, іншыя.

 Аднак не ўсе аднолькава разумеюць усю ступень адказнасці. У гэтым годзе з-за невыканання належным чынам сваіх абавязкаў давялося замяніць дзвюх старэйшын — у Каралевічах і Тухінцы.

 З разуменнем і адказнасцю да сваёй справы ставіцца старэйшына вёскі Лука Ірына Канюшэўская. Не адзін год яна займае гэтую адказную пасаду. Часам Віктар Сямёнавіч можа і не ведаць аб праблеме, якую Ірына Аркадзьеўна вырашыць, самастойна звярнуўшыся ў пэўную інстанцыю. Яна прасочыць, як зімой расчышчаны вясковыя вуліцы, як гаспадары падтрымліваюць чысціню і парадак вакол сваіх сядзіб. У яе вёсцы ўсе спраўна здаюць добраахвотныя ахвяраванні, аплачваюць падаткі.

У клопаце пра пажылых людзей

З 2010 года ў аграгарадку Багданава працуе аддзяленне кругласутачнага знаходжання. На сённяшні дзень у ім пражывае 31 чалавек, у 17 нікога з родзічаў няма, 14 засталіся адзінокімі пры жывых дзецях. Як адзначыла Надзея Васілёнак, загадчыца аддзялення, асуджаць дзяцей, якія перасталі даглядаць сваіх бацькоў, мы не маем права. аднак той факт, што некаторыя з іх прыязджаюць да бацькоў з адзінай мэтай — забраць пенсію, канешне, абурае.

 На тэрыторыі сельсавета пражываюць 128 інвалідаў І групы і пенсіянераў, якім споўнілася больш за 80 гадоў. Згодна з Указам Прэзідэнта, за такімі людзьмі прадугледжаны догляд, на што з бюджэту дзяржавы выдаткоўваюцца грошы ў памеры 740 тыс. рублёў у месяц. Даглядаць маюць права беспрацоўныя грамадзяне не пенсійнага ўзросту. «За 80 састарэлымі аформлены догляд, прычым у 17 выпадках аказанне сацыяльнай дапамогі, адзначу, быццам бы ажыццяўляюць самі дзеці, — прызнаецца Віктар Сямёнавіч. — На маю думку, гэта людзі, якія не жадаюць працаваць. Яны звальняюцца з работы і афармляюць догляд за бацькамі. Аднак належным чынам не выконваюць свае абавязкі, прапіваючы і сваю «зарплату», і бацькоўскую пенсію.

 У Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і адзначана, што дзеці абавязаны клапаціцца аб бацьках і аказваць ім дапамогу. На самой справе мы маем жудасныя факты праяўлення «дзіцячай любові».

 Такія сем’і пад асобай увагай старшыні. Віктар Мурашкевіч нярэдка асабіста аб’язджае старых, правяраючы абуладкаванасць іх побыту. Дзякуй Богу, ёсць і станоўчыя прыклады. Так, дзеля Вольгі Шарпілы з вёскі Гарадзец, Васілісы Мазур і Уладзіміра Сакалова з Каралевіч, Віктара Паўлоўскага з Ульянавіч родныя адмовіліся ад утульных гарадскіх кватэр, прыехалі ў вёску, каб дагледзець старых, прычым без усялякіх фінансавых выплат з боку дзяржавы.

Ала Якаўлева.

На здымках: выхаванцы дзіцячага садка; старажыл Вольга Шарпіла і старшыня сельсавета Віктар Мурашкевіч; сям’я Гарнакоў; сужэнцы  Косавы; старэйшына Ірына Канюшэўская; загадчыца аддзялення штодзённага знаходжання састарэлых  Надзея Васілёнак.