На арт-тэрапію да “Вечарынкі”

Лепшыя фальклорныя калектывы і салісты-выканаўцы старадаўніх галосных спеваў і музыкі Віцебшчыны прадэманстравалі сваё майстэрства ў рамках міжнароднага этнафэсту мастацтва галасавой імправізацыі «Фонтон — 2012», што прайшоў у культурна-гістарычным комплексе «Дзвіна» абласнога цэнтра.

Арганізатарамі мерапрыемства сталі інстытут псіхалогіі і педагогікі г.Масквы, Віцебскі  дзяржаўны універсітэт  імя П.М.Машэрава. У гэтых вну распрацаваны і вывучаецца напрамак арт-тэрапія. Той факт, што музыка лечыць, не аспрэчвае нават сучасная медыцына. А народная песня тым больш карысная для душы, бо яна ўвабрала ў сябе каштоўнейшы вопыт многіх пакаленняў.

 Прафесар Маскоўскага інстытута псіхалогіі і педагогікі У.М.Нікіцін  з’яўляецца старшынёй Усходне-Еўрапейскай Асацыяцыі Арт-тэрапіі, якая зарэгістравана ў г.Сафія, разам са сваімі студэнтамі бывае ў розных славянскіх краінах, дзе знаёміцца з асаблівасцямі  фальклору. Як  адзначылі госці, у Беларусі,  захавалася найбольш аўтэнтычных песень і абрадаў. Што і даказалі ўдзельнікі прыдзвінскага этнафэсту. Усе яны атрымалі ад арганізатараў сертыфікаты Усходне-Еўрапейскай Асацыяцыі Арт-тэрапіі, як майстры галоснага спеву і традыцыйнай музыкі за высокія творчыя дасягненні ў галіне этнакультуры і з нагоды ўдзелу ў Міжнародным фэсце галасавой імправізацыі «Фонтон-2012».

 Тры з іх адправіліся на Сенненшчыну. Сярод калектываў наш раён прадстаўляў фальклорны гурт «Вечарынка» раённага метадычнага цэнтра (РМЦ). Яго кіраўнік — Таццяна Ладунец — выступіла  ў якасці выканаўцы галоснага спеву. Сертыфікат майстра традыцыйнай музыкі атрымаў самадзейны гарманіст з Сянна Віктар Ладунец.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.