У Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў выпускны канцэрт

У сценах раённага дома культуры адбыўся справаздачны канцэрт Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў. У гэтым годзе першапачатковую музычную адукацыю атрымалі 16 сенненцаў. Усяго ў школе займаецца 185 чалавек. На «выдатна» навучальны год скончылі 43 навучэнцы, на «добра» і «выдатна» — 103.

 У сваім віншавальным звароце да прысутных дырэктар школы мастацтваў Іван Смірноў адзначыў: «Школа мастацтваў  — цэнтр сістэмы музычнага выхавання, правераны часам. І, нягледзячы на тое, што прыярытэты сённяшняга дня накіраваны больш на камп’ютарныя тэхналогіі, музыка застаецца вечнай».

 Вучэбны год быў насычаны рознымі конкурсамі і мерапрыемствамі, у якіх навучэнцы школы прымалі актыўны ўдзел. Аляксандра Кавалёва ўдзельнічала ў міжнародным конкурсе «Музыка надзеі», Аляксандра Бярозка, Наталля Мяцеліца, Ірына Суднік, Ганна Ганчарова і Аліна Зіньковіч выступілі ў абласным конкурсе юных піяністаў. Аліна Зіньковіч стала фіналісткай абласной алімпіяды па музычнай літаратуры. Сёлета асабліва праявілі сябе вучні класа домры пад кіраўніцтвам Вольгі Букановіч. У міжнародным інтэрнэт-конкурсе, што праходзіў у Бялградзе (Сербія), Яніна Шаўчэнка заняла 2-е месца, Кацярына Булыня —1-е. Апошняя дзяўчынка стала ўладальніцай 3 месца на самым прэстыжным рэспублі­канскім конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча. Кацярыну і яе маці, а таксама Вольгу Букановіч, з гэтым дасягненнем асабіста павіншаваў старшыня райвыканкама Віктар Цапота, уручыўшы ім Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы Сенненскага раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

 Граматамі школы былі заахвочаны лепшыя вучні і выкладчыкі. Падзячныя пісьмы атрымалі і бацькі.

Выпускны вечар у школе мастацтваў адрозніваецца ад выпуску ў звычайнай школе тым, што традыцыйна пасля афіцыйнай часткі для ўсіх гасцей педагогі сумесна з юнымі музыкантамі прадстаўляюць святочны канцэрт. Так было і на гэты раз. На сцэне выступілі вядомыя калектывы — дзіцячы хор «Пралеска» (кіраўнік А.Паўлоўская), дзіцячы ўзорны аркестр народных інструментаў (кіраўнік В. Букановіч), вакальная група «Вясёлка», навучэнцы па класу харэаграфіі і інш. Прагучалі вакальныя і інструментальныя кампазіцыі.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.

 

P.S. Падрабязнасці ў “Голасе Сенненшчыны” №48 за 19 чэрвеня 2012 года.