У Алексінічах Сенненскага раёна выбіралі лепшых чытачоў сельскай бібліятэкі

Ужо стала добрай традыцыяй для нас, вучняў 6 класа Алексініцкай сярэдняй школы, праводзіць класныя гадзіны ў сельскай бібліятэцы. Толькі ў гэтым навучальным годзе класным кіраўні­ком Аленай Аляксееўнай Кучынскай і бібліятэкарам Марыяй Анатольеўнай Гарнак былі арганізаваны для нас «Экскурсія да вытокаў», «Экалагічная вандроўка», «І сёння ў памяці народнай». На гэтых мерапрыемствах мы змаглі пазнаёміцца з мінулым нашай вёскі і яе жыхароў, даведаліся аб гераічных старонках Алексініч ў час Вялікай Айчыннай вайны. Школа наша з’яўляецца «Школай экалагічнай культуры», таму была цікава арганізавана завочная вандроўка па ваколіцах населенага пункта. Мы даведаліся пра прыгожыя мясціны роднага краю, пазнаёміліся з раслінным і жывёльным светам нашых лясоў і лугоў.

Яшчэ ёсць адна традыцыя ў нашым класе — гэта здзяйсненне зорных паходаў «Па слядах баявой славы». У мінулым годзе распрацавалі і ажыццявілі паход на месца гібелі Героя Савецкага Саюза, камандзіра партызанскай брыгады К. С. Заслонава. У маі бягучага года мы зноў сустрэліся ў сельскай бібліятэцы, каб яшчэ раз успомніць усіх, каму абавязаны сваім шчаслівым дзяцінствам, а таксама прадумаць новы маршрут зорнага паходу.

Усе мерапрыемствы прахо­дзяць у цікавай гульнявой форме. Для таго, каб быць актыўнымі ўдзельнікамі, неабходна многа чытаць, валодаць пэўнай інфармацыяй. На апошняй нашай сустрэчы былі падведзены вынікі наведвання бібліятэкі. Прыемна адзначыць, што вучні класа з’яўляюцца лепшымі чытачамі сельскай бібліятэкі. Мы перакананы, нягледзячы на шырокія магчымасці Інтэрнэта і тэлебачання, кніга не перастала быць самай важнай крыніцай інфармацыі.

Вера Шман,

вучаніца 6 класа

ДУА «Алексініцкая СШ Сенненскага раёна».

 

А ў Літусаве выпусцілі кніжкі-малышкі

У рамках Года кнігі ў нашай школе прайшлі розныя пазнавальныя мерапрыемствы.

  Былі арганізаваны конкурсы чытачоў, прысвечаныя юбілеям Я. Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Танка. Дзеці з задавальненнем  цытавалі крылатыя радкі пісьменнікаў.

 Вельмі цікава прайшла абарона чытацкага фармуляра. Кожны жадаючы змог расказаць аб прачытаных кнігах, параіць сябрам пазнаёміцца з выданнямі, якія больш за ўсё спадабаліся.  Пачаткоўцы выпусцілі «кніжку-малышку».

 Год кнігі працягваецца, і мы спадзяёмся, што падобныя тэматычныя мерапрыемствы адновяцца ў новым навучальным годзе.

  Ганна Стук,

 вучаніца Літусаўскай ДСБШ.