Сенненскія настаўнікі сабраліся на прафсаюзны сход

Прайшоў справаздачны пленум райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

На яго былі запрошаны старшыні прафсаюзных камітэтаў пярвічных арганізацый і члены раённага камітэта прафсаюза. У рабоце пленума прынялі ўдзел намеснік старшыні Сенненскага райвыканкама Зоя Фаміна, намеснік старшыні Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Генадзь Рудзянок.

Сенненская раённая арганізацыя па стану на 1 студзеня 2012 года аб’ядноўвае 27 пярвічных прафсаюзных арганізацый. Калектыўна-дагаворным рэгуляваннем працоўных адносін ахоплены 1561 чалавек, прафсаюзным членствам — 98,6% работнікаў. У 21 пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўсе работнікі з’яўляюцца членамі прафсаюза. 

 Са справаздачай выступіла старшыня раённага камітэта прафсаюза Алена Дзергачова. Яна акрэсліла наступныя кірункі дзейнасці падначаленай ёй грамадскай арганізацыі: абарона працоўных правоў работнікаў пры прымяненні кантрактнай формы найму, пытанні скарачэння штатаў работнікаў у сувязі з рэарганізацыяй сеткі ўстаноў адукацыі раёна, праца з маладымі спецыялістамі, грамадскі кантроль за захаваннем ва ўстановах адукацыі заканадаўства па ахове працы.

 Па ініцыятыве райкама прафсаюза ў пагадненне паміж РК і аддзелам адукацыі ўключана больш гарантый для работнікаў, пераведзеных на кантрактную форму найму, у тым ліку па прадастаўленні дадатковых заахвочвальных водпускаў.

Таццяна Буракова.  

P.S. Больш даведацца пра дзейнасць і ініцыятывы настаўніцкага прафсаюза можна ў “ГС” №44 за 5 чэрвеня 202 года.