Сенненскія ветэраны на працягу месяца бясплатна карысталіся паслугамі лепшай дыягнастычнай станцыі ў вобласці

Сенненская дыягнастычная станцыя дзейнічае з лістапада 2010 года. Па аснашчэнні навейшым абсталяваннем яна лепшая ў вобласці. У вясенне-летні перыяд тут абслугоўваюць штомесяц каля 500 адзінак аўтатранспарта.

Па словах інжынера УП «Белтэхагляд» Сяргея Краўчанкі, аб’ём паслуг будзе павялічаны. Плануецца пачаць падрыхтоўку базы для абслугоўвання транспартных сродкаў з прычэпамі і паўпрычэпамі агульнай тэхнічнай масай больш за 10 тон. Для гэтага трэба расшырыць тэрыторыю ўезда і выезда. Плануецца тут і ўстаноўка сістэмы відэаназірання.

 Праходзіць тэхагляд на сенненскай станцыі дыягностыкі і грузавы аўтатранспарт прадпрыемстваў суседніх раёнаў, тых,  якім бліжэй дабрацца да Сянно, чым да сваіх райцэнтраў.

 А вось некаторыя нашы прадпрыемствы і арганізацыі, адзначыў Сяргей Краўчанка, «ганяюць» тэхніку на тэхагляд у іншыя раёны. Ігнаруюць мясцовую станцыю дыягностыкі ААТ «Сенненскі райаграсервіс», вытворчы цэх «Сенненскі», часткова райспажыўтаварыства, УП «Саўгас імя Машэрава». Калі пазіцыя кіраўніцтва апошняга ў гэтым плане апраўданая (бліжэй да Віцебска), то іншых зразумець складана. Прынамсі, як і сельгасарганізацыі, транспарт якіх таксама не паказваецца на станцыі.

 А між іншым, тут не толькі праводзяць тэхагляд і даюць дазвол на далейшую эксплуатацыю транспартных сродкаў, але і аказваюць дадатковыя паслугі, такія, як праверка тармазной сістэмы, замеры дымнасці і таксічнасці адпрацаваных газаў, і іншыя.

 Дарэчы, на тэхагляд можна запісацца папярэдне, па тэлефоне 3-78-72.

 Таццяна Буракова.

На здымку: ветэран Вялікай Айчыннай вайны, жыхар г.п.Багушэўск Іван Цімафеевіч Міхалькоў выкарыстаў магчымасць  прайсці  тэхагляд  на свае «Жыгулі”. У рамках акцыі, што арганізавалі на станцыі, усе ветэраны маглі скарыстацца паслугамі дыягностыкі цалкам бясплатна.