Падарункі ад Дзеда Мароза і добрых людзей

liil   Багушэўская санаторная школа-інтэрнат мае статус агульнаадукацыйнай. Тым не менш ёсць у навучальнай установы свая спецыфіка. Дзеці тут не толькі вучацца, але і аздараўліваюцца, а таму навучальны год у іх некалькі скарочаны. Зімовыя школьныя канікулы, напрыклад, пачынаюцца на тыдзень раней, чым у іншых школьнікаў. Раней, чым у іншых школах, запальвае агеньчыкі і ёлка, сімвал Новага года.  І Дзед Мароз са Снягуркай шчодрыя да вучняў Багушэўскай санаторнай школы.

— У нас шмат шэфаў: устаноў, грамадскіх арганізацый, спагадлівых лю­дзей, — тлумачыць Юрый Усачоў, дырэктар Багушэўскай санаторнай школы-інтэрната. Іх душэўная шчодрасць асабліва ярка праяўляецца напярэдадні любімага ўсімі дзецьмі свята. Сёлета ад Віцебскага аддзялення Беларускай  чыгункі, упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці школе фундаваны спартыўны інвентар, навагоднія ўпрыгажэнні і, зразумела, салодкія падарункі  — больш чым на 30 млн рублёў.

liil (5)

Прадстаўнікі гэтых арганізацый Іван Піцерскі, старшыня прафсаюзнай арга­нізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Віцебскага аддзялення БЧ, Валянцін Рацьковіч, начальнік сектара ідэалогіі і сацыяльна-культурнай работы, Юрый Снягоўскі, намеснік начальніка аддзела кадраў і ідэалагічнай работы ўпраўлення КДБ, іншыя прадстаўнікі названых вышэй устаноў у якасці ганаровых гасцей прысутнічалі на школьным навагоднім свяце. Апранутыя ў строгія касцюмы, тым не менш, яны разам з Зайчыкамі, Вавёркамі, казачнымі героямі вадзілі вакол ёлкі карагоды, удзельнічалі ў гульнях, надаючы ім пры гэтым сур’ёзны кантэкст — свята святам, а пра бяспеку на чыгунцы забываць нельга. Дзецям і педагогам школы-інтэрната раздалі памяткі аб правілах паводзін на чыгунцы.

liil (2)       І ўсё ж, навагодняе свята вялі Дзед Мароз і Снягурка. Дзякуючы іх чараўніцтву і пажаданням дзяцей у зале з’яўляліся героі папулярных казак, мульт­фільмаў: Баба Яга, Чэрці, Кот Базіліо і Ліса Аліса. Каб задобрыць іх, дзецям даводзілася адгадваць загадкі, успамінаць прачытаныя кніжкі. Шкада толькі, што ў навагоднім караго­дзе не знайшлося месца героям беларускіх народных казак, нацыянальнага эпасу. Скажам, Зюзі, Цмокам, Пакаці-Гарошку.

Завяршылася свята, прысвечанае Новаму году, традыцыйна — Дзед Мароз і Снягурка ўзнагародзілі тых дзяцей, якія на працягу года добра вучыліся, актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці школы, займаліся спортам, а галоўнае — слухаліся дарослых і рабілі добрыя справы. Аматараў паэзіі, якія прачыталі вершы, прысвечаныя Новаму году і зіме, галоўным навагоднім героям, Дзед Мароз і Снягурка адарылі цукеркамі.

Свята завяршылася, як і пачалося, шумна, весела. Пакінуў Багушэўскую школу-інтэрнат пад акампанемент дзіцячых галасоў і музыкі Дзед Мароз са Снягуркай, каб вярнуцца сюды зноў праз год. Вярнуцца не толькі з казачнымі героямі, але і з людзьмі, якія ўмеюць стварыць для дзяцей свята, калі яны таго заслугоў­ваюць. А як інакш. Нават у казках з навагоднім сюжэтам узнагароды заслугоўваюць тыя героі, якія шмат і настойліва працуюць і не баяцца ўступіць у барацьбу са злом.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.