Раён — «мінус» 66, Сянно — «мінус» 1

За першы квартал 2012 года на Сенненшчыне нарадзілася 58 дзяцей, колькасць памерлых — 124. Такім чынам, змяншэнне насельніцтва працягваецца і склала, па інфармацыі аддзела статыстыкі Сенненскага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, 66 чалавек. Праўда, тэмпы гэтага працэсу сталі замаруджвацца — летась на адпаведны перыяд натуральнае змяншэнне складала 106 чалавек.

Найлепшая дэмаграфічная сітуацыя, але ўсё яшчэ са знакам «мінус», зафіксавана ў райцэнтры. За студзень-сакавік Сянно прырасло дваццаццю трыма народжанымі, памерла за гэты час дваццаць чатыры асобы; у Багушэўску нара­дзілася толькі адно дзіця пры 19 памерлых; у сельскіх населеных пунктах — адпаведна 34 і 81.