На Сенненшчыне ўдарылі спортам за Перамогу

67-ую гадавіну Перамогі спартсмены адзначылі адразу дзвюма падзеямі — велапрабегам Сянно-Ульянавічы-Сянно, удзел у якім прынялі 15 чалавек з ліку навучэнцаў сярэдніх школ №1 і №2 г.Сянно і працоўнай моладзі, і лёгкаатлетычнай эстафетай. Свае каманды ў апошняй выставілі 10 працоўных калектываў і 8 устаноў адукацыі.

 Сярод арганізацый тройка пераможцаў размеркавалася наступным чынам: 3 месца – у ААТ “Белая Ліпа”, 2 месца – УП ПМК-64, 1 месца, а разам з ім дыплом і кубак з рук начальніка аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Аляксандра Гардзецкага атрымалі спартсмены РАНС.

 А вось у школьнікаў дыплом і кубак паехаў у Машчонскую школу. Другое і трэцяе месцы занялі сярэднія школы №1 і №2 райцэнтра.

 Асабліва адзначылі жаночыя каманды Цэнтральнай раённай бальніцы і прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” Сенненскага раёна.

Разам з тым, адзначаюць арганізатары турніру, сёлета ўдзел у спартыўных мерапрыемствах чамусьці не прынялі буйнейшыя прадпрыемствы і ўстановы раёна – ПС “Сянно”, РПУ “Сяннорайгаз”, РВЭС, райспажыўтаварыства, УП ЖКГ, ЦБУ №218 ВОУ ААТ “ААБ “Беларусбанк”.