У парку 40-годдзя Перамогі г.Сянно прайшла раённая зімовая спартакіяда калектываў фізкультуры прадпрыемстваў, арганізацый і сельсаветаў. У спаборніцтвах прынялі ўдзел звыш 120 чалавек

Снежная марозная сакавіцкая раніца радасна вітала сенненскіх спартсменаў. Хтосьці ў гэты дзень перамагаў на лыжне, але прайграваў у перацягванні каната. Нехта «выцягваў» наперад сваю каманду, падняўшы большую колькасць разоў гіру, і, наадварот, — падводзіў у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Былі вызначаны лепшыя спартсмены, ім уручаны граматы, але галоўная барацьба разгарнулася за агульнакамандную перамогу.

 Сярод арганізацый і прадпрыемстваў раёна ўжо не першы год перамогу святкавалі выратавальнікі з РАНС. Яны былі першымі ў лыжнай гонцы, другімі ў падыманні гіры… Другі камандны вынік паказалі газавікі з РУП «Сяннорайгаз», якія ва ўсіх спаборніцтвах спартакіяды атрымлівалі «бронзу», трэці — аматары спорту Багушэўска.

Не менш жорсткая барацьба ішла паміж камандамі сельсаветаў. Сёлета першымі сталі спартсмены з Беліцкага сельсавета. Немалая заслуга ў гэтым інструктара-метадыста фіз­культурна-спартыўнага клуба «Алімп» з аг.Полымя Пятра Рацькова. Другое агульнакаманднае месца занялі аматары спорту Багданаўскага сельсавета, трэцяе — Багушэўска.

Нельга не згадаць і пераможцу па стральбе Мікалая Пагарэльскага (Сенненская ПМС), які з пяці выстралаў набраў найбольшую колькасць балаў (31). Цікава было паназіраць за ўпартасцю і сілай спартсменаў у падыманні гіры. Уразілі ўсіх Ілья Сочнеў (РАНС) і Сяргей Ільіных (райгаз). Аднак, перамагчы кандыдата ў майстры спорту па гіравым спорце Сяргея Кацара хлопцам усё ж такі не ўдалося. Шмат эмоцый выклікала спаборніцтва па перацягванні каната.

 Падтрымаць спартсменаў на ўсіх этапах спартакіяды прыйшлі не толькі іх сябры і родныя, але калегі, кіраўнікі прадпрыемстваў, старшыні сельвыканкамаў.

На Сінаях у гэты дзень таксама прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады: намеснікі старшыні і начальнікі аддзелаў райвыканкама. З выступлення старшыні раённага Савета дэпутатаў Міхаіла Вілюгі пачалася зімовая спартакіяда. Уручыў пераможцам кубкі і граматы начальнік аддзела фіз­культуры, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Гар­дзецкі.

Ірына ГАРБАЧОВА.

 НА ЗДЫМКАХ: на этапах спартакияды; Пётр Рацькоў з узнагародай, РАНС —  каманда-пераможца сярод калектываў.