На Алімпіядзе-2014 у Сочы сенненцы будуць хварэць за зямлячку

Спартыўныя перамогі на Алімпійскіх гульнях дэманструюць поспехі развіцця дзяржавы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі провадаў беларускіх спартсменаў на ХХХ летнія Алімпійскія гульні ў Лондане.

Наша ж гераіня — Ірына Крыўко — марыць выступіць на зімовых Алімпійскіх гульнях, што пройдуць у 2014 го­дзе ў Сочы. І невыпадкова. Нягле­дзячы на юны ўзрост (нарадзілася ў 1991 годзе)  біятланістка ўжо выступае за нацыянальную зборную.

У дзяцінстве Іра не марыла пра вялікі спорт. Займацца біятлонам пачала толькі ў 12 гадоў. Валерый Лектараў стаў першым яе трэнерам.

 Як і ўсе дзеці, маленькая Іра мела шмат сяброў, была хуткай і жвавай, любіла адпачываць разам з братам Віцем у бабулі і дзядулі ў вёсцы. Спачатку на трэнероўкі ў спартыўную школу г. Сянно хадзіла заадно з сяброўкай. Толькі потым, калі з’явіліся добрыя вынікі, якія дазволілі выязджаць на шматлікія спабор­ніцтвы, Ірына зразумела, што біятлон — гэта яе будучае…

 Па словах Валерыя Міхайлавіча, Іра мае выключную працаздольнасць.

 — Некаторыя яе сяброўкі былі надзелены  ад прыроды лепшымі спартыўнымі данымі, — працягвае Валерый Лектараў. — Сваіх  спартыўных вяршынь яна дасягнула, дзякуючы старанню, упартай працы».

 Пасля васьмі класаў Ірына паступіла ў Наваполацкае вучылішча алімпійскага рэзерву. Вывучэнне асноўных школьных прадметаў давялося сумяшчаць з удвая большымі трэніровачнымі нагрузкамі. Зараз  дзяўчына завочна вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце на факультэце фізічнай культуры.

 Маці нашай зямлячкі, Людміла Браніславаўна, нават і падумаць не магла, што Ірына звяжа сваё жыццё са спор­там. У дзяцінстве дачка ніколі пра будучую прафесію не гаварыла. «Іра — упартая. Пераканаць у чымсьці немагчыма, заўсёды адстойвае сваю пазіцыю. Можа гэта і паспрыяла яе цяперашнім добрым вынікам», — расказвае  яна.

 На сённяшні дзень Ірына віцэ-чэмпіёнка Свету (юніёры/юніёркі) 2009 года, эстафета, Кенмар, Канада; бронзавая прызёрка чэмпіянату Свету (юніёры/юніёркі) 2010 года, эстафета, Торсбі, Швецыя; бронзавая прызёрка чэмпіянату Еўропы (юнакі/дзяўчаты) 2011 год, змешаная эстафета, Рыднау-Валm Рыданна, Італія; бронзавая медалістка чэмпіянату Свету (юнакі/дзяўчаты) 2012 года, гонка праследавання, Канціялахці, Фінляндыя і інш. Зараз маладая біятланістка —  самая галоўная надзея сенненцаў і ўсіх беларусаў на алім­пійскую ўзнагароду ў Сочы.

 Што адчувае маці, калі яе дачка выступае? Безумоўна, перажывае, спачувае, думкамі дапамагае і гэтага самага просіць у Бога…

  — Асабліва хвалявалася, калі аднойчы ў індывідуальнай гонцы Іра не прыйшла на чацвёрты рубеж. Думалася: нешта здарылася на крутых віражах — спусках… Напісала ёй sms-ку. Потым дачка адказала, што па стану здароўя яна сышла з трасы…

 У Сянно Іра прыязджае нячаста. А калі бывае ў родных мясцінах, то абавязкова заходзіць да свайго першага трэнера Валерыя Лектарава. Пра розныя спаборніцтвы, зборы, замежны быт расказвае яна і маці, якая заўсёды ў дзень прыезду частуе дачку яе любімымі малочнымі прадуктамі, смак якіх знаёмы з дзяцінства, які  не знойдзеш у іншых краінах. А пабывала Іра шмат дзе і за мяжой, і ў Беларусі. Заўсёды адтуль прывозіць суве­ніры, ласункі…

 Сёння Ірына Крыўко ў скла­дзе нацыянальнай жаночай зборнай па біятлоне. І гэта ўжо вялікая перамога нядаўняй   юніёркі. Трэніруецца яна разам з такімі знакамітымі беларускімі біятланісткамі, як Дар’я Домрачава, Людміла Калінчык, Анастасія Дубарэзава, Надзея Скардзіна. Галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі па біятлоне, Андрыян Цыбульскі, прыкмеціў таленавітую і старанную спартсменку яшчэ ў яе раннія юніёрскія гады. Па словах Людмілы Браніславаўны, падабаецца Ірыне і пазітыўны Клаус Зіберт, нямецкі трэнер нашай каманды па стральбе.

 — Зараз у Іры галоўная мэта — патрапіць на Алімпійскія гульні ў Сочы і з годнасцю там выступіць, — упэўнена маці, самы адданы балельшчык дачкі-біятланісткі — Людміла Крыўко.

 Зрэшты, сенненцы таксама будуць актыўна пад­трымліваць і балець за сваю веру, надзею, любоў…

Ірына ГАРБАЧОВА.