На Сенненшчыне прайшоў музычны Першамай

«Мір! Праца! Май!» —  пад такім лозунгам у раёне прайшоў фестываль музычных устаноў раёна. Арганізаваны па ініцыятыве Зоі Фаміной, намесніка старшыні райвыканкама, сёлетні фэст стаў трэцім па ліку. За непрацяглы час фестываль ад унутрыкарпаратыўнага мерапрыемства ператварыўся ў сапраўдную дэманстрацыю музычных талентаў.

 У Сянно сабраліся выкладчыкі трох існуючых музычных устаноў раёна — Сенненскай, Багушэўскай і Машканскай дзіцячых школ мастацтваў. Больш чым дзвухгадзінны канцэрт скла­­­даўся з інструментальных, вакальных, харавых твораў. Адно, што аб’ядноўвала іх, — высока­прафесійнае выкананне.

 У акадэмічнай зале Сенненскай ДШМ побач з класікай і рамансамі гучала беларуская народная песня. Нацыянальнай аўтэнтыкай было прасякнута выступленне трыо ў складзе Жанны Машкей, Наталлі Мельнічэнка (цымбалы) і Аляксандра Вішнякова (дуда) з Багушэўскай ДШМ.

 Выкладчыкі праявілі сябе не толькі здольнымі выканаўцамі, але і таленавітымі кампазітарамі. Так, напрыклад, твор уласнага сачынення прадставіў гітарыст Сенненскай ДШМ Ігар Клячын. 

 Воклічамі «Брава!» і гучнымі апладысментамі ацанілі гледачы выступленні вакальных гуртоў Сенненскай («Мелодыя») і Багушэўскай школ, дуэта ў складзе Наталлі Мефадзіенкі і Наталлі Кучынскай з Ходцаўскага філіяла Машканскай ДШМ, маладой спявачкі з гарпасёлка Яны Ткачовай. Дарэчы, дзяўчына завяршае вучобу ў Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя І.Салярцінскага і вяртаецца на радзіму працаваць у Багушэўскай ДШМ.

 Да слова, сёлетні фестываль, нягледзячы на трохгадовы ўзрост, стаў, бадай, самым маладым. Колькасць яго ўдзельнікаў з ліку моладзі і якасць іх выступленняў расце.

 Эстафету выканальніцкага і выкладчыцкага майстэрства паспяхова працягваюць Ганна Барадзіна, Вікторыя Ляхновіч, Іван Сапроненка з Сенненскай ДШМ; Марыя Новікава і Наталля Цыклінская, Яўгенія Паўтарак  з Багушэўскай ДШМ; Святлана Шабусава  з Машканскай ДШМ.

 Акрамя глядацкіх авацый, усе тры ўстановы за ўдзел у фестывалі атрымалі з рук Ларысы Новікавай,  начальніка аддзела культуры райвыканкама,  Ганаровыя граматы. Па словах Ларысы Яўгенаўны, кожная школа мае чым пахваліцца і што паказаць. І паказваць, на думку Зоі Фаміной, варта ўжо на вялікай сцэне. 

Вольга БАНДАРЭВІЧ