Сенненские спасатели вытащили тонущего рыбака

На гэтым тыдні, у  аўторак, на Сенненскім возеры ў раёне вёскі Турава каля пятнаццаці гадзін дня пад лёд праваліўся рыбак. Пра гэта ў Сенненскае аддзяленне надзвычайных сітуацый паведамілі вучні дзевятага класа другой сенненскай школы Аляксандр Галоўкін і Канстанцін Зінькевіч, якія праходзілі непадалёк ад возера.

  Праз некалькі хвілін ля месца надзвычайнага здарэння ўжо былі выратавальнікі аддзела МНС, медыкі на машыне «хуткай дапамогі», прадстаўнікі таварыства выратавання на водах.

 Мужчына знаходзіўся прыкладна ў трохстах метрах ад берага. Лёд на возеры яшчэ занадта тонкі, а ля палонкі, у якой апынуўся чалавек, яго таўшчыня складала ўсяго некалькі сантыметраў, што стварала цяжкасці для выратавальнікаў. Каб падысці да тапельца, супрацоўнікам РАНС прыйшлося выкарыстоўваць выратавальныя кругі, камізэлькі, спецыяльныя насцілы, лесвіцы, дошкі, што павялічвала плошчу апоры.

 Мужчына быў цёпла апрануты, адзенне намокла, і рухацца ён амаль што не мог. Таму выцягнуць гора-рыбака з вады аднаму чалавеку было не пад сілу. Выратавальную аперацыю праводзіла каманда ў складзе начальніка аддзела Вячаслава Карасікава, інжынера групы арганізацыі і функцыянавання дзяржаўнай сістэмы па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароне Васіля Дубаўца, начальніка каравула ПАВЧ №1 горада Сянно Ягора Петрачэнкі, камандзіра аддзялення ПАВЧ № 1 Сяргея Насечанкі, вадзіцеляў Аляксандра Баркаўца і Алега Гарбачова.

 У хуткім часе выратаваны быў дастаўлены ў цэнтральную раённую бальніцу. Па словах загадчыка аддзялення анестэзіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі Віктара Ксянзова, мужчына, на момант паступлення, знаходзіўся ў цяжкім стане. Пасля кіслароднага галадання і моцнага пераахаладжэння за яго жыццё прыйшлося пазмагацца. Назаўтра стан здароўя тапельца, які правёў у вадзе каля 30 хвілін, ацэньваўся як сярэдняй ступені цяжкасці. Але гэтае «купанне» можа  яшчэ не раз нагадаць пра сябе. Невядома,  як адрэагуе на  гэткі стрэс арганізм 65-гадовага мужчыны.

 Па прычыне няшчаснага выпадку была склікана камісія па надзвычайных сітуацыях пры Сенненскім раённым выканаўчым камітэце. У прынятым ёй рашэнні адзначана, што на вадаёмах раёна не ўсталяваўся моцны лёд і выходзіць на яго небяспечна. Пра гэта рыбакам і іншым жыхарам раёна рэгулярна нагадваюць супрацоўнікі РАУС, РАНС, ОСВОДа. Яны, узброеныя гукаўзмацняльнікамі і плакатамі, у гэтыя дні кантралююць вадаёмы раёна.

 Бяспека на лёдзе стане тэмай класных гадзін у школах, а таксама пасяджэнняў сельскіх выканаўчых камітэтаў.

 Са свайго боку мы таксама папярэджваем: «Будзьце асцярожнымі! Беражыце сябе!»

Кацярына КАРПОВІЧ.

 На здымку: Сяргей Насечанка выцягвае тапельца з вады.

 Фотаздымкі прадастаўлены Сенненскім раённым аддзяленнем надзвычайных сітуацый.