Ратаваць слова. Кніга ўсё менш месца займае ў дамах сенненцаў

Ці задумваліся вы,  паважаныя бацькі, як часта чытаеце сваім дзецям кнігі?  Упэўнена, калі і знаходзіцца вольны час, дарослыя займаюцца іншымі справамі. Напрыклад,  з задавальненнем праводзяць яго за камп’ютарам.

Нашы дзеці, якім мы не чытаем у маленстве, гле­дзячы на нас, нічога не будуць чытаць і ў старэйшым узросце, хіба толькі творы школьнай праграмы, і то  пад  прымусам настаўнікаў. Для такіх дзяцей кніга становіцца сумнай тратай часу. Аднойчы ў дзесяцікласніцы спытала, якія кнігі стаяць у яе на паліцы? Адказ здзівіў. У доме дзяўчынкі ўвогуле няма кніг! «Мы з бацькамі літаратурай не цікавімся, — сказала мая субяседніца, — калі мне што і трэба прачытаць па школьнай праграме, даведацца пра меркаванні крытыкаў наконт таго ці іншага пытання, я звяртаюся за дапамогай у глабальную сетку. Таксама і з сусветнымі навінамі, якія я часам праглядаю ў інтэрнэце. Ведаеце, гэта  больш цікава, чым гартаць газету». Адказ  дзяўчынкі прымусіў задумацца. Адсоўваючы кнігу на другі план, мы нібы адсоўваем ад сябе ўсё тое добрае, чалавечае, чаму і вучыць кніга. Мы маральна дэградзіруем за заслонай камп’ютара, інтэрнэтнай сеткі.

Невыпадкова бягучы год у рэспубліцы аб’яўлены Годам кнігі. Сёння трэба ратаваць слова. Але калі чалавек не ўсведамляе,  што  кніга  яму патрэбна, то ўсе намаганні будуць марнымі.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.