Ратаваць слова. Кніга ўсё менш месца займае ў дамах сенненцаў
Ці задумваліся вы, паважаныя бацькі, як часта чытаеце сваім дзецям кнігі? Упэўнена, калі і знаходзіцца вольны час, дарослыя займаюцца іншымі справамі. Напрыклад, з задавальненнем праводзяць яго за камп’ютарам.
Нашы дзеці, якім мы не чытаем у маленстве, гледзячы на нас, нічога не будуць чытаць і ў старэйшым узросце, хіба толькі творы школьнай праграмы, і то пад прымусам настаўнікаў. Для такіх дзяцей кніга становіцца сумнай тратай часу. Аднойчы ў дзесяцікласніцы спытала, якія кнігі стаяць у яе на паліцы? Адказ здзівіў. У доме дзяўчынкі ўвогуле няма кніг! «Мы з бацькамі літаратурай не цікавімся, — сказала мая субяседніца, — калі мне што і трэба прачытаць па школьнай праграме, даведацца пра меркаванні крытыкаў наконт таго ці іншага пытання, я звяртаюся за дапамогай у глабальную сетку. Таксама і з сусветнымі навінамі, якія я часам праглядаю ў інтэрнэце. Ведаеце, гэта больш цікава, чым гартаць газету». Адказ дзяўчынкі прымусіў задумацца. Адсоўваючы кнігу на другі план, мы нібы адсоўваем ад сябе ўсё тое добрае, чалавечае, чаму і вучыць кніга. Мы маральна дэградзіруем за заслонай камп’ютара, інтэрнэтнай сеткі.
Невыпадкова бягучы год у рэспубліцы аб’яўлены Годам кнігі. Сёння трэба ратаваць слова. Але калі чалавек не ўсведамляе, што кніга яму патрэбна, то ўсе намаганні будуць марнымі.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.