Як правільна нарыхтаваць бярозовы сок. Лікбез ад супрацоўнікаў Багушэўскага лясгасу

— У першым квартале бягучага года за загрувашчванне дзяржаўнага ляснога фонду бытавымі адходамі і смеццем, — расказвае інжынер па ахове і абароне лесу ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» Алег Грышанаў, — прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 15.30 частка 1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях 24 чалавекі. Да вінаватых асоб прыменена адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе  штрафу ў памеры 0,5 базавай велічыні. З наступленнем вясенне-летняга перыяду плануем узмацніць работу дзяржаўнай  лясной аховы па выяўленні і папярэджванні парушэнняў, звязаных з аховай дзяржаўнага ляснога фонду ад  забруджвання, незаконных высечак, парушэння правілаў пажарнага стану, сельгаспалаў. Будуць праводзіцца рэйды дзяржаўнай лясной аховы сумесна з работнікамі дзяржінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённага аддзела ўнутраных спраў з мэтай недапушчэння безкантрольных сельгаспалаў і прыцягнення вінаватых да адказнасці.

 — Алег Уладзіміравіч, якая адміністрацыйная адказнасць чакае таго,  хто свае бытавыя адходы вырашыў «сплавіць» у дзяржлесфонд?

 — Парушэнне артыкула «забруджванне лесу і іншай драўляна-кустарнікавай расліннасці»  цягне накладанне штрафу на фізічную асобу ў памеры да 20 базавых велічынь, індывідуальнага прадпрымальніка — да 50 і на юрыдычную асобу — да 300 базавых велічынь.

 За парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках можна атрымаць папярэ­джанне або выкласці з кішэні: фізічнай асобе — да 25 базавых велічынь, індывідуальнаму прад­прымальніку — ад 25 да 50 базавых велічынь.

 Незаконнае знішчэнне або пашкоджанне драўляна-кустарнікавай, іншай расліннасці цягне накладанне штрафу на фізічную асобу — ад 5 да 50, індывідуальнага прадпрымальніка — ад 20 да 200, юрыдычную асобу — ад 50 да 300 базавых велічынь.

 — «Засачыліся» бярозы, клёны. Многія пажадаюць удосталь назапасіць «жывой вады», а аматары яе або не імкнуцца, або не ведаюць як правільна «падсочыць» дрэва.

 — Аматары соку нярэдка сваімі дзеяннямі наносяць непапраўную шкоду дрэвам, робячы ў іх глыбокія засечкі, пры гэтым нават не здагадваюцца, што самае багатае сокавыдзяленне выклікае не глыбокая, а правільная падсочка.

 Правільна зроблены падпіл уяўляе сабой зрэз пад вуглом не больш 30 градусаў ад вертыкальнай восі, даўжынёй не больш 10 і не глыбей 2 сантыметраў без уліку таўшчыні кары. Усе пашкоджанні, якія не адпавядаюць гэтым патрабаванням, лічацца  парушэннямі.

 Пры падсочцы пажадана рабіць адзін надпіл на ствале, калі таўшчыня дрэва 30-40 сантыметраў, і толькі пры большай таўшчыні дапускаецца два і больш надпілаў.

 Замест надпіла на бярозе можна зрабіць адтуліну з дапамогай свердла (калаварота). Пры гэтым яна павінна быць дыяметрам не больш 10 міліметраў, а глыбіня канала — максімум 20-30 міліметраў без уліку тоўшчы кары. Крыху ніжэй адтуліны забіваецца жалабок з нержавеючай сталі і з дапамогай дроту замацоўваецца поліэтыленавы пакет. Пры цёплым сонечным надвор’і мяшок аб’ёмам 40 літраў запаўняецца прыкладна за суткі.

 Традыцыйна самая смачная вільгаць здабываецца з дрэў, што растуць на бедных пясчаных глебах, на пагорках, адкрытай сонечным промням мясцовасці.

 — Дзе можна нарыхтоўваць сок?

 — Лясніцтвы аб гэтым ведаюць. Дарэчы, сок па прымальнай цане можна набыць і ў гэтых арганізацыях. Адпаведна правілам нарыхтоўкі  другасных лясных рэсурсаў і ажыццяўленні старонняга карыстання нарыхтоўваць бярозавы сок можна толькі ў перастойных і спелых лясах, прызначаных для высечак галоўнага карыстання не пазней чым праз 5 гадоў.

 У кожным лясніцтве вызначаны ўчасткі лесу, прызначаныя для нарыхтоўкі бярозавага соку грамадзянамі для ўласных патрэб. Жадаючыя яго нарыхтаваць павінны звярнуцца ў лясніцтва. Спецыялісты пакажуць спецыяльна адведзеныя для збору соку ўчасткі, правядуць інструктаж і пракантралююць тэхналогію падсочкі.

 — А калі хто праігнараваў гэтыя рэкамендацыі і падаўся з сякерай за поясам у бліжэйшы лясок?

 — Штрафы прадугледжаны даволі салідныя. Трэба памятаць, што з 1 красавіка гэтага года базавая велічыня падрасце да 100 тысяч рублёў.

 Напрыклад, нарыхтоўка соку на ахоўваемых прыродных тэрыторыях караецца штрафам ад 4 да 35 базавых велічынь. Для індывідуальных прадпрымальнікаў гэта сума можа дасягнуць 100, а для юрыдычных асоб — 500 базавых велі­чынь.

 Нават парушыўшы тэхналогію падсочкі (зрабіўшы няправільныя надрэзы) або нарыхтоўваючы сок у недазволеных месцах, парушальнікі могуць выплаціць у выглядзе штрафу ў даход дзяржавы: фізічная асоба — 5-20, прадпрымальнік — ад 20 — 200, юрыдычная асоба — ад 50 да 300 базавых велічынь. Ёсць над чым задумацца таму, хто жадае бясплатна і безтурботна здабываць такі дар лесу, як бярозавы сок.

Міхаіл БЯЛОЎ, «ГС».