Буслам не месца на вежы

У вёсцы Поўзікі Багданаўскага сельсавета нядаўна дэманціравалі старую воданапорную вежу. А буслінае гняздо, якое знаходзілася там не адзін год, рабочыя скінулі на зямлю. Святлану Латышаву гэта відовішча не пакінула раўнадушнай, яна вырашыла паведаміць у рэдакцыю пра ўбачанае: «Птушка вернецца вясной, а былога «дома» няма. Няўжо нельга перанесці гняздо на дрэва?» — узрушана казала жанчына.

Такія тэлефонныя званкі час ад часу прымаюць карэспандэнты «раёнкі». Бывае, што гнёзды звальваюцца разам са старымі дрэвамі, ці іх наўмысна знішчаюць людзі.

 Хто ж вінаваты і што рабіць у падобных выпадках? Дзе знайсці месца для жытла буслоў? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да мясцовых эколагаў. Адказ, шчыра прызнацца, здзівіў.

 «Бусліным гнёздам не месца на воданапорных вежах. Ні ў якім разе нель­га дапускаць, каб птушкі сяліліся там», —  расказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Якубовіч.

 А начальнік ДУ «Сенненскі ра­ённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Кацярына Дзьяковіч пацвердзіла: «Гэта забараняецца санітарнымі правіламі гаспадарча-пітных водаправодаў (СанПіН №2.1.4.12-3-2005). «Гл. 7 п.61. Водонапорные башни должны быть герметичными. Бак должен быть закрыт. Своевременно необходимо проводить очистку бака…». І рабіць гэта неабходна не радзей, чым раз у год. Калі ж на вежы працяглы час знаходзіцца буслінае гняздо, адразу становіцца зразумела, што ачыстка бака не праводзілася ўвогуле. Ды і птуш­ка, якая пасялілася тут, забруджвае санітарную зону. Выпадкі, калі мы штрафавалі сельгасарганізацыі за невыкананне гэтых патрабаванняў, даволі частыя».

 Таму, паважаныя чытачы, як бы птушку шкада не было, а яе гнязду не месца на воданапорнай вежы. Іншая справа, што пераносіць гнёзды можна толькі пасля адлёту буслоў у вырай. Вярнуўшыся вясной на радзіму і не знайшоўшы жытла, птушка пабудуе сабе новы дом. Можна ёй у гэтым дапамагчы — зрабіць драўляны ці металічны каркас і замацаваць на дрэве. Але майце на ўвазе, ка­муналь­нікі ці рабочыя мясцовых сельгас­прадпрыемстваў не абавязаны гэтага ра­біць. Калі яны зносяць гнёзды зімой, ніякіх прэтэнзій да іх інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прад’явіць не мо­жа. Праяўляйце ініцыятыву самі і дапамагайце птушкам.

 І не шукайце вінаватых тады, калі здарылася бяда, — гняздо з бусламі звалілася разам са старым слупам. Такое няшчасце адбылося мінулым летам у адной з вёсак Багданаўскага сельсавета (на здымку). Тады мясцовых жыхароў цікавіла толькі адно пытанне: хто адкажа за гібель птушкі — сімвала Беларусі? Разводзіць рукамі мы ўсе ўмеем, а вось рэальна дапамагчы буслам — бяруцца нямногія.

 Кацярына КАРПОВІЧ.