Напарнікі

Любы чалавек, які па ўласным жаданні вырашыў пазнаёміцца з работай раённага аддзела ўнутраных спраў, сваё знаёмства пачне з аператыўна-дзяжурнай службы. Так што першыя ўражанні залежаць ад кантактаў з міліцыянерамі, якія тут працуюць.

 Ад дзяжурных у многіх залежыць і работа ўсяго аддзела. У тым ліку,  наколькі аператыўнай раскрываюцца злачынствы. У гэтым кампаненце работы Уладзімір Дзямешчанка, старшы інспектар дзяжурна-аператыўна службы Сенненскага РАУС, маёр міліцыі, і яго памочнік, сяржант міліцыі Павел Пятроў даюць калегам фору. У іх самы высокі працэнт раскрываемасці спраў па гарачых слядах, пра што сведчаць сухія лічбы статыстыкі. Кіраўніцтва аддзела адзначае таксама іх стараннасць у выкананні службовых абавязкаў, уважлівасць да людзей.

 Павел Пятроў у РАУС працуе не так даўно. Пачынаў міліцыянерам-дзяжурным ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых ці зняволеных пад варту. Для Уладзіміра Дзямешчанкі ізалятар таксама быў першым працоўным месцам  у аддзеле. Пазней паспытаў хлеба ў дарожна-патрульнай службе аддзялення ДАІ, быў участковым інспектарам.

 Важна, што на любым працоўным месцы цяперашнія напарнікі поўнасцю аддаюцца справе, выконваюць свае абавязкі як таго патрабуе служба.