В штабе только девушки

Жанчына ў міліцыі — гэта ўсё ж выключэнне, нават сёння, калі эмансіпацыя ў грамадстве дасягнула небывалых поспехаў. А калі ўлічыць, што маёр Аксана Кулік не работнік кадравага аддзела, а начальнік штаба раённага аддзела ўнутраных спраў, то факт можна расцэньваць як унікальны. Зрэшты, так яно і ёсць. У Віцебскай вобласці гэтую пасаду, якая патрабуе аналітычных здольнасцей, шырокага кругагляду і дасканалага ведання ўсіх нюансаў міліцэйскай работы, займае толькі некалькі прадстаўніц слабой паловы чалавецтва.

 Служба ў міліцыі для яе з юнацтва была светлай марай, да якой дзяўчына ішла мэтанакіравана і ўпарта. У канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі ў Акадэмію МУС дзяўчат проста не прымалі. Аксана пайшла да мэты акольным шляхам. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаўладкавалася стралком у Сенненскае ад­дзяленне Дэпартамента аховы, паступіла на завочнае аддзяленне юрыдычнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава. І толькі пасля яго заканчэння ў 2003 годзе дзяўчына патрапіла на службу ў міліцыю, у Сенненскі РАУС у аддзяленне папярэдняга дазнання.

 Аксана Васільеўна не хавае — у міліцыю яе правяла рамантыка. Будні, зразумела, былі іншымі, больш жорсткімі, патрабавалі паўсядзённай карпатлівай працы.

  — Не, я не расчаравалася ў сваёй працы ні тады, ні пазней. Нечаканасці ўзнікалі, з пацярпелым іншы раз было складаней працаваць, чым з чалавекам, які здзейсніў злачынства, — расказвае Аксана Кулік, — затое якое задавальненне адчуваеш, калі ўсе кропкі над «і» расстаўлены, справа накіравана ў суд, дзе доказы, сабраныя табой, не ставяцца пад сумненне.

 Аксана Кулік магла б працаваць у Следчым камітэце, створаным у нашай краіне зусім нядаўна, — не захацела. А вось прапанову заняць пасаду начальніка  штаба  РАУС маёр міліцыі прыняла.

 — Міліцыя — мая работа, мой лёс. Калі б давялося пачынаць працоўнае жыццё спачатку, нічога не мяняла б у ім, — не хавае Аксана Кулік.