З арганізацыяй закупу праблем няма, а зніжэнне пагалоўя трэба спыніць

   Не так даўно закуп малака з прыватных падворкаў, дзе ўтрымліваюцца каровы, стаў прадметам абмеркавання на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.  — Няўжо ўсё так дрэнна ў гэтай справе? — пацікавіўся ў Зоі Конышавай,  галоўнага спецыяліста ўпраўлення сельскай гаспадаркі  і харчавання, якая каардынуе і адказвае за арганізацыю закупу малака і іншай сельгаспрадукцыі ў прыватным сектары.

  — Безумоўна, не!  Мэта прэзідыума: падвесці вынікі за мінулы год і засяродзіць увагу старшынь пасялковага і сельскіх Саветаў дэпутатаў на тым, што ў арганізацыі збору лішкаў малака сёння няма праблем, а вось  зніжэнне пагалоўя кароў працягваецца  Летась на прыватных падворках грамадзян утрымлівалася 1386 кароў, а на пачатак гэтага — 1197. «Мінус» 138 галоў. І не толькі таму, што цяперашнія  маладыя сем’і не жадаюць абцяжарваць свой быт утрыманнем каровы. Ёсць гаспадары, якія яшчэ і патрымалі б буронку, аднак не ў сілах нарыхтаваць для яе корм. Практыка ж забеспячэння гатовым  сенам усіх жадаючых трымаць рагулю пакуль не знаходзіць на Сенненшчыне шырокага распаўсюджвання. Робіцца гэта толькі ў ААТ «Студзёнка». Нейкія  патугі ў гэтым плане рабіліся ў ААТ «Бяленева» і «Літусава».

  Таму, адзін з пунктаў пастановы прэзідыума раённага Савета дэпутатаў  абавязвае  кіраўнікоў адкрытых акцыянерных таварыстваў і камунальных унітарных сельгаспрадпрыемстваў   засяроджваць ўвагу  на вышэйназванай  праблеме. Такі падыход, калі не вырашыць  яе на сто працэнтаў, то, я думаю, замарудзіць працэс.

  — Пагалоўе кароў скарацілася, а малака закуплена ў насельніцтва больш, чым у 2010 го­дзе. Ці магчыма такое?

 — Летась у насельніцтва закуплена 3319 тон малака, што складае 100,1 працэнта да папярэдняга года, у разліку на карову — 2395 кілаграмаў. «Плюс» да папярэдняга года склаў 336 кілаграмаў.

  На тэрыторыі раёна збор малака ў насельніцтва ажыццяўляюць дзяржаўнае прадпрыемства «Саўгас імя Машэрава», індывідуальныя прадпрымальнікі, прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «КоСвеМолТранс», а таксама камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Наш клопат». 

 Найбольшую колькасць малака закупіла КУП «Наш клопат» — 1518 тон (106 працэнтаў да ўзроўню 2010 года, тлустасць — 4 працэнты), ІП Ірына Мароз — 350 тон (103 працэнты, тлустасць — 3,9 працэнта).  А галоўны вынік работы ІП, ПУП, КУП — зніклі скаргі малаказдатчыкаў, якія раней наракалі на нядобрасумленнасць лабарантаў і малаказборшчыкаў, а часам і самі, ведаючы пра нештодзённы кантроль за тлустасцю, фальсіфікавалі прадукцыю вадой або здымалі вяршкі.

 Другі момант: летась па кіслотнасці было вернута толькі 470 кілаграмаў малака і па наяўнасці антыбіётыкаў — 3470 кілаграмаў, у той час, як у 2010 годзе гэтыя лічбы былі адпаведна 636 і 9074 кілаграмы.

  Канулі ў нябыт выпадкі несвоечасовай выплаты грошай за рэалізаваную прадукцыю. Малако цяпер аплачваецца па цане 2317 рублёў за кілаграм першага гатунку. Акрамя таго, за кошт сродкаў, якія выдзяляе рэспубліканскі  бюджэт,  выплачваюцца надбаўкі да закупачных цэн у памеры 90 рублёў за кілаграм.

  У раёне вырашаны пытанні з набыццём  нецяляў у сельскагаспадарчых арганізацыях для развіцця падсобных гаспадарак, выдзелена больш 1000 гектараў сенакосаў і пашы. Аднак пашы да нормы пакуль не хапае (прыкладна 6 сотак). Аказваюцца паслугі па апрацоўцы прысядзібных участкаў, уборцы ўраджаю і г.д. Але, як адзінадушна адзначылі члены прэзідыума, усё ж трэба забяспечваць гаспадароў гатовым  сенам, у першую чаргу, тых, якія жадаюць  трымаць карову. Задача сельскіх выканкамаў і кіраўнікоў ААТ і КУСГП   падтрымаць гэтых людзей.

Міхаіл БЯЛОЎ.