Кто украл туи!? Анонимность и награду гарантируем

ГС Будынак рэдакцыі раённай газеты стаіць на ўчастку, дзе некалі была царква, пабудаваная ў пачатку 20-га стагоддзя. Пасля рэвалюцыі культавую ўстанову закрылі, памяшканне сталі выкарыстоўваць для гаспадарчых патрэб. У гады вайны пабудову партызаны спалілі. А вось ліпы, якімі была абсаджана царква, уцалелі. Уцалелі яны і ў час будаўніцтва рэдакцыйнага будынка. Праўда, з часам дрэвы сталі падаць. Асабліва часта тыя, што раслі ўздоўж вуліцы. Давялося рэшткі іх гэтай вясной выпілаваць.

Каб кампенсаваць прыродзе страты, супрацоўнікі рэдакцыі вырашылі пасадзіць новыя дрэвы. Выбар зрабілі на карысць дэкаратыўных туй, казацкага ядлоўца, ніцай вярбы, якія і высадзілі ў час суботніка.

Саджанцы набывалі не за рэдакцыйныя сродкі — няма на падобныя мэты ва ўстановы артыкула, а за грошы супрацоўнікаў. Хоць многія выказвалі сумненне: «Не дадуць ім тут расці, пакрадуць». Не хацелася верыць, што падобнае здарыцца. Гэта ж не кусок хлеба, які галодны міма сваёй волі можа ўкрасці. Не алкаголь, наркотык, дзеля якіх хворыя людзі гатовы на ўсё, нават, на забойства. Думалася, калі нехта і рашыцца на крадзёж, здабычу панясе збываць гаспадарам шыкоўных катэджаў, аматарам прыгожага…

Не спраўдзілася. Амаль праз месяц чатыры туі, казацкі ядловец і вярбу выкапалі. Выкапалі акуратна, каб недзе пасадзіць. Прайшоў тыдзень, пошукі міліцыі застаюцца марнымі. Але мы не страцілі надзеі вярнуць страту. Яна мізэрная ў грашовым эквіваленце, але значная ў маральным плане, бо прыніжае маральныя якасці чалавека, сенненца.

Шаноўныя нашы чытачы. Злачынства адбылося ў ноч з 6 на 7 мая. Калі вам нешта вядома пра яго, калі вы раптам заўважылі нядаўна пасаджаных маладыя саджанцы ў суседа, паведаміце ў рэдакцыю па тэлефоне 4-13-66. Гарантуем не толькі ананімнасць, але і матэрыяльнае ўзнагароджанне.

 Аляксандр ЛАЗЮК.