ПРЕДСЕДАТЕЛЬ СЕННЕНСКОГО РАЙОННОГО ИСПОЛНИТЕЛЬНОГО КОМИТЕТА ВИКТОР ЦАПОТА: РАБОТАТЬ НА РОДИНЕ – БОЛЬШАЯ ОТВЕТСТВЕННОСТЬ.

  З вясны 2011 года вертыкаль выканаўчай улады ў раёне ўзначальвае Віктар Цапота, чалавек, які нарадзіўся на Сенненшчыне. Тут, сярод землякоў, прайшло яго станаўленне як асобы, спецыяліста, кіраўніка. Многія жыхары раёна Віктара Уладзіміравіча ведаюць са школьных гадоў, па сумеснай працы. Таму ў першыя месяцы яго работы на пасадзе мы не сталі знаёміць астатніх сенненцаў са старшынёй раённага выканаўчага камітэта. А вось пераднавагодняе інтэрв’ю з ім падаецца лагічным.

 — Віктар Уладзіміравіч, прыміце шчырыя віншаванні з надыходзячым Новым годам, Калядамі. Хай шчасціць вам і вашым родным. Хай праца дае плён і прыносіць задавальненне.

 — Дзякуй.

— Як працуецца з землякамі? Як вы ацэньваеце вынікі работы прадпрыемстваў, арганізацый раёна ў 2011 годзе?

— Праца на радзіме  з аднаго боку — гэта моцны стымул для любога чалавека, з другога — вялікая адказнасць. Даючы згоду на прызначэнне на пасаду старшыні Сенненскага райвыканкама  я спадзяваўся на падтрымку землякоў, ведаў слабыя і моцныя месцы эканомікі раёна, з чаго пачынаць, як лепш дзейнічаць. Што датычыцца вынікаў вытворчай, эканамічнай дзейнасці, то тут адназначна не скажаш. На палетках раёна быў вырашчаны нядрэнны ўраджай збожжа, сабралі 60 600 тон зерня — самы высокі намалот за апошнія гады. Але гаспадаркі раёна панеслі і значныя страты. Віной таму не толькі надвор’е. У раёне не хапае сушыльных магутнасцей. На выніку адбіўся і суб’ектыўны фактар. І гэтак у любой справе. У жывёлагадоўлі,скажам, у такіх прадпрыемствах як ДП «Саўгас імя Машэрава», ПП «Дружбінец» надой на карову ў гэтыя дні перавышае  14 кілаграмаў малака. Нядрэнна, калі не ведаць, якія ўкладанні зроблены ў названыя прадпрыемствы. У раёне сталі займацца птушкагадоўляй. На рэканструяваных плошчах былога свінакомплекса атрымана каля 5,2 тыс. тон мяса. У той жа час назіралася зніжэнне вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы. І гэта пры тым, што сёлета грамадскія гаспадаркі раёна маюць паўтарагадовы запас кармоў.

 Эфектыўнасць эканомікі ацэньваецца ўрадам краіны па 26 паказчыках, з якіх у раёне выканана 10 (увод жылля, энергазберажэнне, экспарт тавараў, экспарт паслуг, імпарт тавараў, сальда знешняга гандлю і г.д.). Па астатніх паказчыках    за 11 месяцаў 2011 года   таксама маецца рост, хоць ён і ніжэйшы чым планавалася. Дрэнна ці добра мы спрацавалі? Калі параўноўваць з іншымі раёнамі вобласці, то па папярэдніх даных больш паказчыкаў выканана толькі ў Расонскім, столькі ж як у нас — у Полацкім.

 — На планёрках, якія рэгулярна праводзяцца старшынёй райвыканкама, вы ў 2011 годзе нярэдка выказвалі прэтэнзіі да работы гандлю, прадпрыемстваў грамадскага харчавання, камбіната кааператыўнай прамысловасці. І не толькі ў адносінах да тавараабароту, іншых эканамічных паказчыкаў дзейнасці.

 — Эканамічныя паказчыкі райспажыўтаварыства ўжо ў наступным годзе, я думаю, набудуць станоўчую дынаміку. Пачнуць прыносіць дывідэнды зробленыя ўкладанні ў хлебакамбінат, каўбасны цэх, ККП. Мяне больш хвалюе культура абслугоўвання, чэргі, якія маюць месца не толькі ў магазінах.

 — Віктар Уладзіміравіч, на ваш погляд, што трэба рабіць, каб наша эканоміка была больш эфектыўнай, каб нарошчваліся аб’ёмы вытворчасці? Якія для гэтага ў раёне будуць прыняты захады?

— Кожны чалавек, які мае адносіны да вытворчасці, разумее — хочаш лепш жыць, трэба лепш працаваць. І рэзерваў у нас тут вельмі многа. Яны ў больш дакладнай арганізацыі працы, у пераабсталяванні вытворчых працэсаў, укараненні новых тэхналогій. А галоўнае — у паўсядзённай рабоце з людзьмі. Ад тых, хто не хоча працаваць, трэба пазбаўляцца. Іншым дапамагаць у павышэнні вытворчых навыкаў, прад’яўляючы патрабаванні да захаванасці абсталявання, тэхнікі, іншых матэрыяльных каштоўнасцей. На большасці нашых ферм устаноўлены малакаправоды, а даяркі ў асобных гаспадарках як даілі зімой па 100-200 кілаграмаў малака за суткі, так і дояць. Якія тут могуць быць заробкі? За апошнія гады на ўсіх фермах устаноўлена халадзільнае абсталяванне, але мы, па-ранейшаму, рэалізуем значную частку прадукцыі першым, а то і другім гатункам.

— Пераабсталяванне, рэканструкцыя ферм будзе­ працягвацца і ў наступным годзе?

— Будзе. Але трэба на гэтыя мэты шукаць уласныя сродкі. Пры рэканструкцыі памяшканняў абавязкова будуць устанаўлівацца малакаправоды, абсталёўвацца, там дзе магчыма, даільныя залы. Я спадзяюся, што знойдуцца сродкі на завяршэнне будаўніцтва фермы ў Забараўі ААТ «Бяленева», пачнецца ўзвядзенне падобных комплексаў у ААТ «Літусава», ПП «Дружбінец». Гэтыя меры дазволяць атрымоўваць больш якасную прадукцыю пры зніжэнні затрат на яе вытворчасць, палепшаць умовы працы жывёлаводаў, павысяць узровень заробкаў.

— Новы год — сямейнае свята. За святочным сталом пра што добрае ў асабістым жыцці будзе ўспамінаць Віктар Цапота? Што хацеў бы ён атрымаць у падарунак ад родных?

— Летась я стаў дзедам. У сям’і сына нарадзілася дзяўчынка, мая ўнучка. Сёлета званне дзеду павысілі дачка і зяць, у якіх нарадзіўся сын. Так што я двойчы дзед. Менавіта гэтыя падзеі самыя прыемныя для мяне. Яны будуць саграваць душу і сэрца, дапамагаць жыць і працаваць.

— 1 студзеня для старшыні райвыканкама будзе рабочым днём. У колькі ён пачнецца? Якім будзе?

— Сапраўды, 1 студзеня для мяне будзе звычайным рабочым днём. І пачнецца ён, як звычайна. Мяркую наведаць некалькі сельгасарганізацый, прадпрыемстваў іншай сферы дзейнасці, ад якіх залежыць работа ўсёй інфраструктуры раёна. Думаю, што ўсе кіраўнікі разумеюць сваю адказнасць за работу прадпрыемства. За святочным сталом прыемней сядзець, калі праца спорыцца, калі няма ніякіх збояў. Новы 2012 год будзе напружаным і важна пачаць яго ў рабочым рэжыме. Так што ўсім моцнага здароўя, настрою на эфектыўную працу, сямейнага  шчасця, дабрабыту.

Гутарыў Аляксандр ЛАЗЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *