Гарачая вада з двух кранаў

Рэдакцыя «Голасу Сенненшчыны» атрымала пісьмо-скаргу ад жыхароў вёскі Н.Обаль. Насельнікі трэціх паверхаў шматкватэрных дамоў вёскі наракаюць на забеспячэнне вадой. Яны, у прыватнасці, пішуць: «… у дні падачы гарачай вады (пятніца і субота) у нас пастаянныя перабоі з халоднай вадой ( ды і з гарачай таксама). У лепшым выпадку можна карыстацца кіпенем…

 І калі раней такія перабоі былі ў асноўным увечары, то цяпер ужо з раніцы халодная вада не паступае на  3-я паверхі.

 З-за перабояў з халоднай вадой падвяргаюцца рызыцы нашы пральныя машыны-аўтаматы. А гэта ўжо не толькі маральны, а і матэрыяльны ўрон.

 Спадзяёмся на аператыўнае вырашэнне гэтай нашай праблемы.»

 Пад пісьмом, вытрымкі з якога мы прывялі, чатыры подпісы.

 Звярнуўшыся ў РУП ЖКГ, куды, дарэчы, прыйшло аналагічнае пісьмо, рэдакцыя атрымала наступны адказ за подпісам выконваючага абавязкі дырэктара прадпрыемства А.З.Паддубца:

 «Разгледзеўшы калектыўны зварот жыхароў пасёлка Н. Обаль па пытанні водазабеспячэння, Сенненскае раённае УП ЖКГ тлумачыць наступнае: капітальны рамонт існуючай артэзіянскай свідравіны рабіўся ў 2004 годзе, але артсвідравіна вычарпала ўжо свае рэсурсы. У цяперашні час вядзецца пэўная работа для запуску другой артсвідравіны, прынятай на баланс УП ЖКГ ад Обальскага біяхімзавода. Для яе функцыянавання неабходна выканаць работы па пракладцы трубаправоду на адлегласць 100 м, правесці падключэнне электразабеспячэння і ўстаноўку прыбораў для работы  ў аўтаматычным рэжыме, а таксама неабходны капітальны рамонт воданапорнай вежы.

 У цяперашні час адшукваюцца фінансавыя сродкі для набыцця неабходных матэрыялаў. Работы плануецца выканаць у трэцім квартале 2011 года.

 Для функцыянавання дзеючай артсвідравіны прымаюцца неабходныя меры: праведзены замена помпы, бягучы рамонт воданапорнай вежы, рамонт трубаправода».

 Будзем спадзявацца, калі пытанне обальцаў не пакінулі без увагі, у рэшце рэшт яно вырашыцца.

З пісьмом працавала Таццяна Буракова.