Выгнаць статак на пашу – яшчэ паўсправы

Закончыўся зімова-стойлавы перыяд утрымання грамадскага пагалоўя, у тым ліку і  чатыры месяцы новай пяцігодкі. Якія здабыткі ці пралікі маем у галіне жывёлагадоўлі? — гэта  пытанне супрацоўнік раённай газеты «Голас Сенненшчыны» задаў першаму намесніку начальніка ўпраў­лення райсельгасхарчу па жы­вёла­гадоўлі Р.М.Маісеевай.

 — За зімова-стойлавы перыяд (з 1 кастрычніка мінулага года па 1 мая гэтага года), — расказвае Раіса  Міхайлаўна, — у раёне атрымана 18522 тоны малака, што складае 103,5 % да папярэдняга. Не выйшлі на ўзровень мінулага года КУСГП імя Гараўца, «Полымя», ААТ «Какоўчына», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» і, што вельмі крыўдна, прызнаны лідар у вытворчасці малака ПУСП «Дружбінец» (96,9 %). Больш пятай часткі малочнай прадукцыі недаатрымалі ў КУСГП імя Гараўца і УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава».

 Рост па рэалізацыі жывёлы і птушкі на забой забяспечаны больш істотны (108,5 %). Аднак рэзка здалі пазіцыі КУСГП імя Гараўца (64,3 %), ААТ «Какоўчына» (69,4 %).

— Што, кармоў малавата было?

 — Наяўнасць кармоў на 1 мая складала 5950 тон у пераліку на кармавыя адзінкі. Гэта сапраўды ў тры разы  менш, чым летась. Кан­цэнтраваных кармоў практычна не было (8 % да мінулага года). Наша бяда іншы раз не ў колькасці кармоў, а ў іх нізкай энерганасычанасці. Таму і не ат­рымліваем чакаемай аддачы. На­прыклад, у ААТ «Бяленева» на спра­ваздачную дату кармоў налічвалася на ўмоўную галаву жывёлы ў чатыры разы больш, чым летась, а рост па вытворчасці малака склаў усяго 111,1 % за стойлавы перыяд. А па рэалізацыі мяса не дасягнуты нават мінулагодні паказчык.

 — Як пачалі новы год пяцігодкі?

 — Хаця дынаміка росту вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за чатыры месяцы гэтага года ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года захавана, яна яўна далёка недас­татковая для выканання прагнозных заданняў, даведзеных абласным  і раённым выканаўчымі камітэтамі. Калі яшчэ ў студзені-красавіку  па вытворчасці малака быў рост 102,9 %, то ўжо ў красавіку ён склаў толькі 100 %. Па-ранейшаму амаль 20 % малака ад вытворчасці не рэалізуецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы, а ідзе на розныя  ўнутрыгаспадарчыя патрэбы. А ў  КУСГП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» на выпайку цялятам выдаткоўваецца звыш 30 % сырадою ад вытворчасці, ААТ «Кругляны» — 23,2, «Пурплева» — 27,2, КУСГП «Полымя» — 24,5 %. Між іншым, усе гэтыя  сельгаспрадпрыемствы маюць значны мінус па атрыманні прыплоду цялят ад кароў і цёлак.

 — На ваш погляд, якія асноўныя прычыны ўсіх тых хібаў і недабору прадукцыі ў жывёлагадоўчай галіне, аб чым гаварылася вышэй і будзе яшчэ сказана ніжэй?

 — Дрэнная работа з узнаўленнем статка. Толькі за чатыры месяцы раён недаатрымаў 1306 галоў прыплоду, 310 галоў цялят розных узростаў здохла. Вось адсюль трэба і тан­цаваць, аналізуючы ўсе паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Стаўленне спе­цыялістаў ды і саміх даглядчыкаў (аператараў) да першацёлак у корані няправільнае: малако трэба сёння, а ад цялушкі якая прадукцыя, ды і ці будзе яна яшчэ сапраўднай каровай. Таму і кармленне іншы раз выдзя­ляецца па астаткавым прынцыпе: канцэнтраты — дадзім на раздой. Калі гэта паша, то чорт ведае дзе, куды не заўсёды могуць даехаць тэхнікі-асемянатары. Таму старшыня рай­выканкама паставіў задачу: выдзеліць цялушак злучнога ўзросту ў асобныя гурты і не хаваць іх па кустах, а паставіць у стойлы, забяспечыць належнае кармленне, каб атрымліваць сярэднясутачныя прывагі рамонтных цялушак не менш за 750 грамаў у суткі. Арганізаваць іх прагулкі з мэтай выяўлення тэрмінаў пакрыцця. На сто кароў трэба мець не менш як 125 рамонтных цялушак усіх узростаў.

 — Пачаўся пашавы перыяд. Што можаце сказаць пра яго ар­ганізацыю і задачы, якія трэба рашыць у летні сезон, бо ён лічыцца часам танных малака і мяса?

 — Сапраўды, летам звычайна атрымліваюць да 60 % жывёлагадоўчай прадукцыі. Улічваючы, што зімой мы не дабіліся колькі-небудзь прыкметных паказчыкаў па надоях, прывагах буйной рагатай жывёлы і тое, што прагноз па валавой прадукцыі галіны па-ра­нейшаму пад пагрозай, у летні перыяд сельгаспрадпрыемствам трэба павялічыць вытворчасць малака да ўзроўню мінулага года не менш чым на 40 %, вырошчванне буйной рагатай жывёлы — на 117,6 %. Першыя дні сезона паказалі, што ў асобных ААТ — «Літусава», «Сінягорскае» —  спазніліся з выганам жывёлы на пашу. На ферме Пасад і некаторых іншых КУСГП імя Гараўца зрабілі гэта толькі 12 мая. Ці не таму на гэту дату ў гаспадарцы даілі на карову амаль у два разы менш, чым у сярэднім па раёне, і мінусавалі па сярэднясутачным  надоі супраць мінулага года на 1,7 кілаграма малака. Недабор вала склаў 1616 кілаграмаў  у суткі. Не вельмі тут дбаюць і пра групы раздою. Надой на першацёлку, напрыклад, складаў 11 кілаграмаў у суткі, у той час як у ДП «Саўгас імя П.М.Машэрава» — 25,5 кг, ПУСП «Дружбінец» — 21,6 кілаграма. «Рэкорд» жа па групах раздою паставіла ААТ «Кругляны», дзе са 118 галоў, з якіх ацялілася 100, сярэднясутачная прадуктыўнасць склала аж… 7,8 кг.

 Той, хто раней выгнаў статак на пашу, той выйграў у прадуктыўнасці.

 Не спяшаюцца некаторыя з вывадам маладняку з памяшканняў, дзе зараз назіраюцца бруд і павышанае ўтрыманне аміяку, у летнія лагеры. Гэта адносіцца да ААТ «Пурплева», «Сенненскі райаграсервіс», КУСГП імя Гараўца, ААТ «Ульянавічы» і іншых.

 Летнія лагеры таксама трэба рыхтаваць: вывезці гной, зрабіць падсыпку, завезці падсцілку, адрамантаваць агароджы, павеці, кармушкі…

 Усе дойныя гурты (64) пераведзены на кругласутачнае ўтрыманне на пашы. Яны ўкамплектаваны пастухамі, на жаль, у тым ліку прыцягнутымі з іншых рэгіёнаў (ААТ «Ульянавічы», «Белая Ліпа», нават ДП «Саўгас імя П.М.Машэрава), хаця па ўзроўні заробкаў, мне здаецца, можна было б мець і ўласны кантынгент, больш зацікаўлены.

 Трывожыць тое, што з выганам дойных гуртоў у поле пагоршылася якасць малака. Даволі значная яго колькасць стала паступаць другім сортам. Прычына празаічная: дрэнна мыецца даільны посуд. Дзе-нідзе для гэтай мэты нават ваду не награваюць.

 Пашавы перыяд, будзем казаць, толькі пачаўся. Магчыма, у далейшым многіх арганізацыйных непаладак удасца пазбегнуць. Цяпер неабходна падумаць аб падкормцы загонаў пасля кожнага страўлення, зарэзерваваць для гэтага пэўную колькасць  азотных тукаў. Арганізаваць кантроль за спажываннем каровамі не менш за 60-70 кілаграмаў зялёнай масы ў суткі. Травастой скормліваць толькі пар­цыённа. Інакш можа скласціся сітуацыя, што ў разгар сезона ўзнікне праблема з прадуктыўнай пашай. Варта прадумаць пытанні дадатковай падкормкі дойнага статка ў ліпені-верасні. Для гэтага ў аптымальныя тэрміны неабходна пасеяць адна­гадовыя бабовыя, злакавыя і крыжакветныя кармавыя культуры.

 Словам, нельга паступаць так, як сёння думаюць некаторыя зо­аветспецыялісты: выгналі жывёлу за вароты хлявоў, ну і слава Богу, палёгка надышла. Калі жадаем мець зап­ланаваную колькасць прадукцыі, палёгкі быць не павінна, ды і лета не заўважыш, як праляціць.

Міхаіл Бялоў.