Якіх паслуг не хапае сенненцам?

Яшчэ Дэмакрыт гаварыў, што малыя паслугі, аказаныя своечасова, — найвялікшая раскоша для тых, хто іх атрымлівае. Кожны дзень мы сутыкаемся з бытавымі клопатамі.  Сапсаваўся  тэлевізар, прас, гадзіннік, пыласос —  адрамантаваць трэба неадкладна. З’явілася жаданне змяніць прычоску, пашыць вопратку на заказ, зрабіць манікюр…  У Сянно, дзякуй Богу, ёсць Дом быту і прыватныя майстэрні. Але ці задавальняюць нас спектр і якасць паслуг, якія нам прапаноўваюць? Іншае пытанне, што майстры, як і цэны, бываюць розныя. Пабыць звычайным спажыўцом вырашыла і я, а таму выправілася ў рабочую прагулку па Сянно, каб высветліць дзе, што і па якім кошце.

 Жаночыя прамудрасці

 Нічога тут не зробіш,  жанчыны — натуры капрызныя.  Перш наперш я накіравалася ў цырульню — вырашыла змяніць колер валасоў.

  Ірына, мая суседка па чарзе, прызнаецца: каб трапіць да цырульніка прыходзіцца адпрошвацца з работы, бо рабочы дзень у яе заканчваецца ў 18 гадзін. А калі трэба пастрыгчыся, пафарбаваць валасы, то за гадзіну не заўсёды паспееш, ды і дзе гарантыя, што цябе ўжо не апярэдзілі? Вось і збягаеш раней. Начальству такія паходы не вельмі падабаюцца.

У Сянно пяць цырульняў. Не так  і мала для нашага горада. Абыходжу кожную, каб высветліць, у якую суму абыдзецца меліраванне. Выказваю пажаданне, зразумела, пафарбаваць свае валасы. У  атэлье ККП за гэта прыйдзецца заплаціць прыкладна 17-19 тысяч беларускіх рублёў, у прыватных — 20-22. Але і розніца ў абслугоўванні таксама ёсць. Зайшла ў Дом быту, каб даведацца, колькі каштуе меліраванне, і ці возьмуцца майстры  за «маю галаву»  у пачатку шостай гадзіны вечара. На мяне паглядзелі, як на дзівачку, і адказалі (перадаю даслоўна): “Девушка, мы работаем до 6 часов. Вот когда сделают нам рабочий день до семи, тогда и за мелирование станем браться в 6-ом часу…”.

 У іншых цырульнях таксама спрабую дамовіцца на прычоску пасля 17.00. Згаджаюцца пры ўмове: не будзе кліентаў і запішуся загадзя. Да таго ж, мне не толькі растлумачылі, што фарбавацца яшчэ рана, але і парэкамендавалі, як трэба даглядаць  асветленныя валасы.

  Таццяна, яшчэ адна мая суразмоўца, паскардзілася, што ў Сянно трапіць да майстра па манікюру амаль немагчыма (падзеі адбываліся ў лістападзе).

 — Чарга вялікая? — узнікла ў мяне пытанне.

 — Ды не, чаргі ўвогуле няма, як і няма жадання ў майстра брацца за мае пазногці.

 Зрабіць манікюр дзяўчына вырашыла яшчэ ў панядзелак, але ў Доме быту ёй адказалі, што майстар будзе толькі заўтра. У аўторак растлумачылі: жанчына працуе яшчэ і касірам, таму заняцца вамі сёння таксама не зможа. Ужо ў сераду, праявіўшы  настойлі­васць, Таццяна патрапіла да майстра. Але паабяцала сабе, што больш у Сянно гэтай паслугай  карыстацца не будзе.

  Час эканоміі

 Што б не гаварылі, але крызіс, напэўна, адчулі ўсе. Калі раней многія з нас, не раздумваючы, развітваліся са старымі рэчамі, то цяпер пачынаеш прыдумваць, як можна ім даць новае жыццё. Таму, перагледзеўшы паліцы ў шафе, смела адпраўляйцеся ў атэлье. Тут з мамінай спадніцы зробяць спадніцу дачцэ… Абыдзецца гэта значна танней, чым купіць новую. Тым больш, што сёлета старое ўбранне, перашытае на новы лад, будзе даволі актуальным.

 Швейныя атэлье працуюць у Доме быту і гасцініцы. Але розніца паміж імі таксама ёсць. У прыватным за работу возьмуць на некалькі рублёў даражэй, затое тэрмін выканання заказу меншы.

 Так, камплект пасцельнай бялізны (аднаспальны) з вашага матэрыялу пашыюць прыкладна за 13 тысяч, у Доме быту  — за 12000.

 Зусім іншая карціна з рамонтам абутку. Гэту паслугу аказвае толькі Дом быту. Рамонт любімых туфелек зойме прыкладна 10 дзён. Здаецца, тэрмін невялікі, але калі на змену няма чаго надзець, такі варыянт не па­дыдзе. І прыйдзецца везці грошы і абутак да віцебскіх майстроў, дзе тэрмінова вам зробяць патрэбны рамонт.

 (Працяг на 4-й стар.).

(Працяг.

Пачатак на 3-й стар.).

 Не супраць сенненцы браць напракат і бытавую тэхніку, веласіпеды, ролікавыя канькі, упрыгажэнне для вясельных машын і, нават, фартэпіяна. Гэта паслуга  карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў лю­дзей, што нядаўна стварылі сям’ю, ці маладых спецыялістаў, якія не паспелі абжыцца на новым месцы. Бюро пракату працуе ў Доме быту. На жаль, не заўжды ў наяўнасці  можа быць патрэбная вам рэч.

Дзе рамонтніка

 знайсці?

 Калі з рамонтам адзення вялікіх праблем няма, то каб адрамантаваць бытавую тэхніку, прыйдзецца крыху пабегаць. Тэлевізар занесці на вул. Чкалава, халадзільнік — на вуліцу Кастрычніцкую.

 — А фен рамантуеце, і як хутка? — спытала я ў майстэрні, што знаходзіцца на Кастрычніцкай. 

  — Так. Зробім  за некалькі дзён.

  Акрамя гэтага, адрамантуюць тут  СВЧ-печ, пыласос, паточаць цэп да бензапілы, зробяць ключы…

 Аказвае паслугу па рамонту бытавой тэхнікі і Дом быту (па інфармацыі, атрыманай у аддзеле эканомікі райвыканкама). Тэлефаную па нумару 4-14-00 (Дом быту), дзе мне крыху разгублена паведамляюць, што такую паслугу не аказваюць. Яно і зразумела, свайго майстра не маюць. Таму, сабраўшы некалькі заказаў, пры­хо­дзіц­ца везціхаладзільнікі, фены… у абласны цэнтр. А гэта дорага. Менавіта так, на маю думку, можна пракаментаваць адказ жанчыны, якая “сядзела” на тэлефоне. Ёсць праблема і з рамонтам парасонаў, га­дзін­нікаў.

    Паход у народ

  Па дарозе ад цырульні да цырульні, ад майстэрні да майстэрні я звярталася да прахожых лю­дзей з адным і тым жа пытаннем: ”Якіх па­слуг не хапае сенненцам?”  Пачула шмат цікавага…

 Камінар (трубочист) – прафесія старажытная. Першы будынак, у якім пачысцілі дымаход, быў замак караляХрысціяна IV у Капенгагене. Адбылося гэта ў 1639 го­дзе. Ужо ў 1728, пасля вялі­кага пажару, які знішчыў амаль палову гэтага горада, праблема цягі камінаў і пячэй набыла дзяржаўны ўзровень. І праз тры гады быў назначаны першы пра­фесійны камінар Дацкага каралеўства — Андрэас Ніешке. 

 Кожны дбайны гаспадар штогод чысціць дымаход (павінен гэта рабіць!). Амаль ніхто з апрошаных не ведаў, да каго можна звярнуцца, каб атрымаць такую паслугу. Але цікавіла яна  многіх. Тым больш, што для нас  гэтае пытанне  даволі актуальнае. З ім я і звярнулася  да дзяжурнага Сенненскага аддзялення МНС:

  — Так, можам пачысціць і дымаход. Жыхарам Сянно гэта абыдзецца ў 30-50 тысяч беларускіх рублёў. Выязджаем і на раён, але кошт у гэтым выпадку будзе залежаць ад кіламетражу. Чым далей вёска знаходзіцца ад пажарнай часці, тым даражэйшая паслуга. Але да нас пакуль ніхто з такой просьбай не звяртаўся….

  Адна з жанчын пажадала, каб у Сянно з’явіўся SPA-салон (салон прыгажосці). На яе думку, многія прад­стаўні­цы прыгожай паловы чалавецтва з задавальненнем карысталіся б гэтай паслугай.

 Не хапае сенненцам і аўташколы. Як паведамілі ў АТП-20, на іх базе плануецца адкрыць філіял Ар­шан­скай аўташколы.

 Многія рэспандэнты скар­дзі­ліся на працу зубных урачоў і выказалі думку, што нядрэнна было б, каб у Сянно працавала прыватная стаматалогія. Гэта б стварыла канкурэнцыю і павысіла якасць абслугоўвання.

 Не хапае дзіцячых пляцовак, няма месцаў для выгулу сабак.

 Моладзь, у асноўным, гаварыла пра тое, што ў Сянно няма дзе адпачыць. Не задавальняе і якасць аб­слугоў­вання ў барах-рэстаранах. Скардзіліся на музыку, пад якую прапаноўваюць танчыць  на дыскатэках. А калі пачынаецца сезон вяселляў,  рэстаран і бары закрыты на спец­абслу­гоўванне. Але гэта ўжо зусім іншая тэма…

 Шчыра кажучы, у мяне з’явілася адчуванне, што большасць апытаных па магчымасці стараюцца за неабходным ездзіць у  Віцебск. У Сянно то якасць абслугоў­вання не задавальняе, то тэрмін выканання заказаў, то ўвогуле адсутнасць па­трэб­ных паслуг. Сустрэла і тых, каму ўсё падабаецца, але іх было няшмат. Пішу гэтыя радкі дзеля таго, каб даць падставу для роздуму чытачам газеты. Задумацца над гэтай сітуацыяй, згадзі­цеся, наспеў час. Тым больш, што ў раёне не выконваецца заданне па плат­ных паслугах.

 …Цяжка ўявіць, што б мы рабілі без цырульняў, майстэрняў і бюро паслуг. Напэўна, навучыліся б спраўляцца самастойна. Недарэмна самыя наведваемыя сайты ў Еўропе вучаць жанчын шыць і вязаць, а мужчын – рамантаваць тэхніку і бытавыя прыборы сваімі рукамі. На гэтым можна значна зэканоміць. Але па-людску пажыць таксама хочацца.

Кацярына КАРПОВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *